Паводле слоў Наталлі Качанавай, Дзень беларускага пісьменства будучага года асаблівы, паколькі гэта год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і год 1155-годдзя горада Полацка. Гэтыя дзве падзеі павінны быць асноўнымі ў канцэпцыі Дня беларускага пісьменства, сказала віцэ-прэм'ер.

Полацк прымае Дзень беларускага пісьменства ўжо трэці раз. Знакавыя даты сталі вызначальнымі ў выбары месца правядзення мерапрыемства.

Свята прапануецца адкрыць у суботу 2 верасня.

«Не зусім правільна, калі, адкрыўшы раніцай у нядзелю свята, ужо вечарам мы яго закрываем. Гэта павінна быць працяглае мерапрыемства», — лічыць Наталля Качанава.

Ключавая канцэпцыя свята павінна быць падрыхтавана ў студзені будучага года, сказала віцэ-прэм'ер. Свята павінна стаць знакавым і запамінальным як для гараджан, так і для гасцей.

Актыўная работа па падрыхтоўцы святочных мерапрыемстваў чакаецца з боку беларускіх пісьменнікаў. Пройдуць іх сустрэчы з чытачамі, у працоўных калектывах, з моладдзю, каб расказаць аб гісторыі краіны, беларускай мовы, змяненнях у сферы культуры.

Наталля Качанава таксама адзначыла, што сёлета Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове прайшоў на высокім узроўні: арганізавалі новыя праекты, правялі шэраг цікавых мерапрыемстваў, шмат зрабілі па добраўпарадкаванні горада, які прымаў свята.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0