Фота rosbalt.ru |
Пра гэта паведаміў 26 чэрвеня на брыфінгу прэс‑сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.
Паводле яго слоў, беларускі і ўкраінскі бакі абмяркоўваюць, у прыватнасці, «узаемапрымальную дату сустрэчы двух прэзідэнтаў». «Аб канкрэтных тэрмінах казаць пакуль дачасна, — зазначыў А.Папоў. — Падрыхтоўка такой сустрэчы і ўзгадненне тэрмінаў працягваецца».
Як падкрэсліў прэс‑сакратар, «беларуска‑ўкраінскі дыялог вельмі інтэнсіўны, асабліва ў гандлёва‑эканамічнай сферы». Паводле яго слоў, тавараабарот за мінулы год перавысіў 3 млрд. долараў ЗША пры невялікім адмоўным сальда для Украіны, і гэта сведчыць аб узаемавыгадным характары эканамічнага аспекта супрацоўніцтва.
«Мы працуем і над ушчыльненнем палітычных кантактаў», — падкрэсліў А.Папоў.
Інфармацыйнае агенцтва Украінскія навіны сёння распаўсюдзіла паведамленне аб магчымым візіце 27 чэрвеня ва Украіну прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі для перамоў з кіраўніцтвам краіны. Агенцтва спасылаецца на крыніцу ў пасольстве Украіны ў Польшчы, якая паведаміла, што міністр замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка адмяніў запланаваны на 27 чэрвеня візіт у Польшу ў сувязі з магчымым візітам Лукашэнкі ва Украіну.
Раней некаторыя СМІ таксама паведамлялі, што дамоўленасць аб сустрэчы Лукашэнкі і Юшчанкі 27 чэрвеня ў Чарнігаве была дасягнутая на мінулым тыдні ў Мінску падчас перамоў першага намесніка міністра замежных спраў Беларусі Ігара Петрышэнкі з намеснікам кіраўніка МЗС Украіны Канстанцінам Елісеевым.