Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» будуе амбіцыйныя планы на 2020 год, у які могуць адбыцца і прэзідэнцкія, і парламенцкія выбары. Пра гэта было заяўлена 12 лістапада на форуме арганізацыі ў Мінску.

У прыватнасці, кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі «Гавары праўду» Лідзія Сагідуліна прывяла колькасныя паказчыкі, якіх мае намер дасягнуць кампанія. Паводле яе слоў, плануецца стварыць структуры арганізацыі ў 50 гарадах, сфармаваць ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты ў складзе пяці тысяч чалавек, падрыхтаваць 50 якасных кандыдатаў у дэпутаты, стварыць 150-тысячную базу прыхільнікаў мірных пераменаў і кампаніі «Гавары праўду», навучыць і прыцягнуць да назірання за выбарамі 2.000 чалавек.

У стратэгіі кампаніі да 2020 года адзначаецца, што канфігурацыя палітычнага поля ў Беларусі ўскладняецца, а таму «традыцыйна звыклы, просты падзел на «чорнае/белае» ў супрацьстаянні «ўлада/апазіцыя» больш працаваць не можа». Будучыня, лічаць у кампаніі, за прасоўваннем канкрэтных інтарэсаў у межах розных саюзаў.

Місіяй «Гавары праўду» ў стратэгіі заяўлена «пабудова на нацыянальным дыялогу і грамадзянскім кансэнсусе незалежнай, дэмакратычнай, паспяховай Беларусі». Пры гэтым «выспяванне сярэдняга класа і грамадзянскай супольнасці» ў дакуменце называецца ключавым элементам у развіцці краіны.

Важнай задачай для дасягнення гэтай мэты, лічаць у «Гавары праўду», з`яўляецца стварэнне палітычнай сілы, здольнай мець пастаянную электаральную падтрымку не менш за 20% выбаршчыкаў, якая будзе прызнаная ўнутры і па-за краінай. Дзякуючы гэтаму прадстаўнікі гэтай палітычнай сілы, адзначаюць у кампаніі, змогуць увайсці ў склад урада, які будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы рынкавых і дэмакратычных пераўтварэнняў.

У сувязі з магчымым змяненнем выбарчай сістэмы стратэгія прадугледжвае неабходнасць прыняцця рашэння аб падрыхтоўцы да трансфармацыі ў палітычную партыю. Гэты працэс можа заняць паўтара-два гады.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» была створаная ў пачатку 2010 года з мэтай спрыяць «усведамленню беларускім грамадствам рэальнага становішча ў краіне, дзе мала праўды і шмат хлусні». У тым жа годзе кіраўнік кампаніі Уладзімір Някляеў быў вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Някляеў кіраваў кампаніяй «Гавары праўду» да пачатку красавіка 2015 года, калі абвясціў пра выхад з апазіцыйных структур у сувязі з безвыніковасцю двухгадовых перамоваў па вылучэнні адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты і вызначэнні сумеснай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

28 мая мінулага года на рэспубліканскім сходзе актыву «Гавары праўду» старшынёй кампаніі быў абраны Андрэй Дзмітрыеў, а кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года ад кампаніі вылучылі Таццяну Караткевіч. Цяпер Дзмітрыеў і Караткевіч з`яўляюцца сустаршынямі арганізацыі.

Кампанія «Гавары праўду» рабіла чатыры спробы афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі (у 2010 2011, 2013 і 2015 гадах), але ўсе яны былі няўдалымі. У «Гавары праўду» лічаць адмовы ў рэгістрацыі «палітычна матываванымі».

Паводле слоў Андрэя Дзмітрыева, цяпер у кампаніі «Гавары праўду» каля 700 чалавек. Хоць «жорсткі ўлік» актывістаў арганізацыі не вядзецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?