Практыку прымусовага загону дзіцячага гледача ў кіназалы пара спыняць, заявіла сябра журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік», беларуская пісьменніца Яўгенія Пастарнак 12 лістапада на сустрэчы, прысвечанай вынікам XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Пісьменніца зазначыла дрэнную арганізацыю працы аргкамітэта фестывалю з установамі адукацыі. На яе думку, менавіта няўзгодненасць дзеянняў паслужыла прычынай скандальнай сітуацыі, што склалася 11 лістапада на паказе ў рамках «Лістападзіка» карціны «Брамнік», якая распавядае пра падлеткавую цяжарнасць. У прыватнасці, стала вядома аб абурэнні настаўнікаў, якія прывялі на сеанс пяцікласнікаў, тым, што дзецям паказваюць фільм з узроставым абмежаваннем 14+. Паказ карціны быў спынены.

«Настаўнікі скандаляць, дзеці скандаляць, атмасфера ў зале не вельмі прыемная. Было балюча і крыўдна за кіно, — сказала Пастарнак. — Яшчэ адзін прыклад, калі на нямецкі фільм з субцітрамі прывялі першакласнікаў. Гэта несумленна ў адносінах да іх, бо яны не ў стане прачытаць субцітры з той хуткасцю, з якой яны ідуць».

Яна заклікала арганізатараў фестывалю адмовіцца ад «прыгнаных у кінатэатры класаў». «Гэта проста агіднасць, — сказала пісьменніца. — Вы ж не зганяеце па разнарадцы рабочых з заводу на паказы асноўнага конкурсу, і з дзіцячымі фільмамі так паступаць нельга, гэта несумленна. Яшчэ больш несумленна, калі лёс «Лістападзіка» вырашае колькасць прыгнаных у залу дзяцей».

На яе думку, фестывалю трэба супрацоўнічаць не з раённымі ўпраўленнямі адукацыі, а непасрэдна са школамі, з разумнымі дырэктарамі.

У сваю чаргу дырэктар ММКФ «Лістапад» Анжаліка Крашэўская зазначыла: «Нам заўсёды папракалі, што фестываль не трапляе на школьныя вакацыі. Адпаведна кінатэатры не могуць забяспечыць гледача, і для іх гэта трагедыя. Каб не было пустых залаў, камітэт адукацыі абавязвае школы наведваць сеансы. Атрымліваецца, кінатэатры страхуюцца, а педагогі нават не заглядаюць у кінапраграму».

Яна падкрэсліла, што такім жа чынам дзеці наведваюць тэатры і іншыя культурныя мерапрыемствы. Паводле яе слоў, пытанне аб тым, якім чынам матываваць сямейныя паходы з дзецьмі ў кіно, вельмі складанае. На яе думку, калі б на фільм «Брамнік» прывялі старшакласнікаў, гэта было б больш дарэчы, цікава і важна, таму што «не кожны бацька размаўляе са сваімі дзецьмі, якія сталеюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?