Аўтамабіль Honda Civic увечары 11 лістапада сутыкнуўся з «МАЗам» на дарозе Бабруйск — Любань — Чырвоная Слабада паблізу вёскі Докаль Глускага раёна Магілёўскай вобласці.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, ДТЗ адбылося каля 20.00. 30-гадовая жанчына, кіруючы легкавым аўтамабілем, рухаючыся з боку Глуска, сутыкнулася з аўтамабілем «МАЗ 544069», які ехаў па паласе сустрэчнага руху.

У выніку сутыкнення пасажыры — 63-гадовая жанчына і 6-гадовая дзяўчынка — маці і дачка кіроўцы — загінулі на месцы. 10-гадовая пасажырка Honda Civic і пасажыр «МАЗа» шпіталізаваныя. «Кіроўцы абодвух аўтамабіляў не пацярпелі. Паводле папярэдняй інфармацыі абодва кіроўцы знаходзіліся ў цвярозым стане», — адзначыла Салянюк.

Па факце ДТЗ следчыя органы распачалі справу па частцы 3 артыкула 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?