Набліжаецца да завяршэння самая гучная справа аб распаўсюджванні наркотыкаў у Беларусі. 14 лістапада пракурор Алег Буйлянкоў назваў тэрміны зняволення, да якіх, на думку абвінавачвання, варта прыгаварыць абвінавачваных.

Для ключавога фігуранта — Канстанціна Вілюгі — ён запытаў 20 гадоў пазбаўлення волі. Для былога супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Вераценскага — 15 гадоў, яго калегі Ігара Карыцкага — 14 гадоў, для былога аператыўніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Канстанціна Дзенісевіча — 14 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя гэтага пракурор просіць суд пазбавіць Карыцкага і Вераценскага звання маёра КДБ, а Дзенісевіча — звання падпалкоўніка міліцыі. Для дзяўчыны Вілюгі Ірыны Семянякі, якая з`яўляецца грамадзянкай Расіі, дзяржабвінаваўца таксама запытаў суровае пакаранне — 18 гадоў пазбаўлення волі.

Буйлянкоў настойвае, што віна Вілюгі і іншых абвінавачваных даказаная. Па версіі следства, Канстанцін Вілюга ў 2011 годзе стварыў магазін LegalMinsk па продажы курыльных сумесяў і псіхатропаў і кіраваў ім да 4 лістапада 2014 года, пакуль яго не затрымалі. Як лічыць абвінавачванне, галоўны фігурант і яго саўдзельнікі зарабілі на наркотыках прыкладна 1,6 млн долараў (900 тысяч — у Беларусі і 700 тысяч — у Расіі).

Задачы Вілюгі, паводле слоў пракурора, былі наступныя: арганізацыя дастаўкі тавару з Расіі, захоўванне i распаўсюджванне спайсаў, размеркаванне ў наступным атрыманага прыбытку. Галоўны фігурант справы, на думку пракурора, уцягнуў у злачынны бізнес Вераценскага, Карыцкага і Дзенісевіча, якія забяспечвалі правядзенне экспертыз (правяралі, ці ўваходзяць рэчывы для спайсаў у спіс забароненых), а таксама дапамагалі Вілюгу ліквідаваць канкурэнтаў.

Акрамя таго, як вынікае з абвінавачвання, Вілюга залучыў у злачынную групу і іншых абвінавачаных, у прыватнасці Аліну Церагеру, якая ў наступным ўзначаліла «наркабізнес» у Мінску. Улетку 2014 года яна была затрыманая з партыяй забароненага тавару. Яе пракурор просіць прыгаварыць да 19 гадоў пазбаўлення волі, хлопца Церагеры Яўгена Цімахоўцава — да 16 гадоў.

Паводле інфармацыі следства, свае філіялы ў Вілюгі былі і ў Расіі. На лаве падсудных тры чалавекі, якія, па версіі следства, прадавалі спайсы ў РФ, — гэта Фёдар Бухавец (яго пракурор просіць прыгаварыць да 12 гадоў пазбаўлення волі), Марат Багель (да 10 гадоў) і Андрэй Працевіч (да 7 гадоў пазбаўлення волі).

Суровага пакарання, на думку Буйлянкова, заслугоўваюць і іншыя абвінавачваныя, якія мелі дачыненне да распаўсюджвання спайсаў у Беларусі: Максім Гайдук (яго пракурор просіць прыгаварыць да 15 гадоў пазбаўлення волі), Віталь Міхайлоўскі (да 16 гадоў), Дзмітрый Гаўрыкаў (да 17 гадоў), Антон Марозаў (да 13 гадоў), Сяргей Дамашкевіч (да 12 гадоў пазбаўлення волі, а таксама прымусовага лячэння ад наркаманіі).

Пракурор падкрэсліў, што абвінавачаныя выкарыстоўвалі сучасныя тэхналогіі — бескантактавы продаж наркотыкаў, ананімныя зносіны ў інтэрнэце, анлайн-разлікі, у тым ліку ў біткоінах. «Ім не трэба было пэцкаць рукі і выходзіць на вуліцу — дастаткова было выйсці ў інтэрнэт. Яны рэкламавалі дызайнерскія наркотыкі як легальныя. Але легальнымі яны называліся не таму, што не неслі шкоду, а таму, што былі яшчэ не забароненыя», — заявіў дзяржабвінаваўца.

На лаве падсудных — два чалавекі, якіх абвінавачвалі ў захоўванні наркотыкаў без мэты распаўсюджвання, яны знаходзяцца на свабодзе. Гэта Валерый Страбкоў (для яго пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі і прымусовым лячэннем ад наркаманіі) і Фёдар Артамонаў (яму дзяржабвінаваўца просіць прызначыць чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову).

Большасць абвінавачаных, у тым ліку Канстанцін Вілюга, сваёй віны не прызналі. Яны настойваюць на тым, што прадавалі толькі дазволеныя на той момант рэчывы. Большасць не ведалі адзін аднаго да пачатку крымінальнай справы, а таму не маглі, на іх думку, уваходзіць у адну злачынную групу.

Абвінавачваныя яшчэ выступяць з апошнім словам у судзе. Зараз у спрэчках выступаюць абаронцы абвінавачваных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?