Кожны народ праходзіў свой шлях ад тутэйшасці. І вёў гэты шлях кожны народ па-свойму. І заводзіў у рознае. Беларуская тутэйшасць была разуменнем таго, што «мы не расейцы», але разуменне такое… перыферыйнае. Заедзе ў беларускую вёску які-небудзь важны дзядзька на кані, спытае «чыіх будзеце?», і сустрэты мужык пачынае чухаць патыліцу, пералічваючы найперш, чыіх ён не будзе. Раз не тых, не тых і не гэтых, значыць тутэйшы, тут жа больш нікога і няма. А хто мы ёсць, падобна, не так цікавіла нашых пра-пра-прадзедаў. Хапала і вось гэтага: мы — не […].

Час ішоў, што яму яшчэ рабіць. «Праз цемру стагоддзяў», як сказаў бы Старычонак, «паўставалі велічныя постаці» і таго і сяго. Ад Касцюшкі да Быкава. Знікалі і з'яўляліся імперыі, мяняліся, размываліся і акрэсліваліся межы Беларусі — не змянялася адно. Тутэйшасць.

Той, хто дачытаў да гэтага месца, — не спяшайся закатваць вочы.

Гэта не маніфест супраць якой-небудзь сельскай цёці, якая прагне скрасці казу Горвата, і не плач па пакаленні дзядзь з Аўтаза, якія радуюцца помнікам Леніну. Не. Гэта пра вас, пра нас — пра тутэйшых.

Цёця і дзядзя, дарэчы, не тутэйшыя.

Важны чалавек на кані сказаў ім, што тутэйшыя адгэтуль — беларусы, і яны хуценька паверылі, бо перапытваць часу няма — трэба свінням даць.

Цяпер яны беларусы, і беларусы па адным простым крытэры. Яны не сумняюцца ў сваёй беларускасці і не пераасэнсоўваюць гэта.

Ім сказалі «вы беларусы», яны адказалі «ну, добра».

Ім сказалі — вы любіце сваю маленькую стабільную Беларусь, вашу Радзіму, якая пацярпела, паўстала, адпакутавала і цяпер упэўнена крочыць» — яны і паўтараюць усё слова ў слова. Яны вераць, што любяць яе, сваю Беларусь сінявокую. Яны вераць у тое, што ведаюць яе. А ў астатні час яны, як і 200 гадоў таму, пра яе не думаюць. Так, яны нецікавыя, несапраўдныя, неглыбокія і недалёкія, але калі б астатняя частка нашай краіны складалася б з сапраўдных і глыбокіх — от бы мы зажылі. Але з астатняй часткай — праблема.

Дзецям тутэйшых было мала казённых ісцін, паблажліва выдадзеных пад распіску. Яны вырашылі капаць глыбей. Да вытокаў. Яны шмат чыталі, шапталіся на кухнях. Думалі. І капалі. Капалі самааддана і глыбока і, натуральна, дакапаліся. Але, паколькі яны капалі беларускую тутэйшасць, то і выкапалі яны тое самае «мы-не-расейцы». Здавалася, так сабе выкапень. Але «мынерасейцы», будучы выкапаным з самых нетраў, заззяў, як крыж Еўфрасінні, і стаў зусім не тым тутэйшым «мы не расейцы» ў перапынках паміж пакосам і надоем. Ён стаў асэнсаваным, кутнім, базавым. Так у нас вырасла цэлае пакаленне, якое замест Беларусі навучылася любіць «мы не расейцы».

Так, у «мы не расейцы» ёсць вельмі зразумелы пасыл, моцная логіка і гістарычны падмурак. Адна бяда: у гэтым няма ні слова пра Беларусь.

«Мы — не расейцы. Мы — не Расія», — пачатак і канец мінімуму беларускага нацыяналіста. Дыскурс у нас такі. Першых тутэйшых цікавіў у асноўным пакос. Пост-тутэйшых беларусаў цікавіць у асноўным Расія. З улікам наяўнасці вялікай колькасці рознай ступені адмарожанасці русафілаў парадак у нас атрымліваецца не тое, каб разнастайны:

тыя, хто любяць Расію — яе любяць і толькі пра яе і гавораць. Тыя, хто «беларускія нацыяналісты» — яе так не любяць, што толькі пра яе і гавораць. У выніку Беларусь — гэта што? «Беларусь гэта вам не Расія!» Вось у прынцыпе і ўсё. Што яшчэ пра яе скажаш, пра Беларусь гэтую?

Адсутнасць беларускай свядомасці і вялізных памераў мазгавы кол — «мынерасейскасці» прыводзіць да таго, што цяпер, калі Беларусь мае канфлікт не з Расіяй, то ўнутры новых тутэйшых наступае гамон і калапс. Калі сварымся з Расіяй, то ўсё ясна: мы, нацыяналісты — супраць Расіі, бо Беларусь не Расія. А калі з Польшчай… з Літвой… з Украінай… То што?

То тады людзі, якія думалі пра Беларусь толькі ў спалучэнні са словам «Расія» ў значэнні «не Расія» пачынаюць думаць пра яе як бы пра Расію, бо «Расію» у галаве ж трэба некуды падзець? А Расія з галавы нікуды не дзяецца. І раз Украіна з Расіяй ваююць, а мы — не, значыць, «слава Украіне». Значыць, у канфлікце вакол вернутага ва ўкраінскі аэрапорт пад пагрозай узняцця знішчальнікаў самалёта «Белавія» вінавата «Белавія». Любая заваруха на беларуска-ўкраінскай мытні абавязкова трактуецца намі ж супроць Беларусі.

Цяпер прыкметай перадавога беларуса становіцца дасягненне такой інтэлектуальнай і цялеснай гнуткасці, каб у любой сітуацыі мець магчымасць насраць сабе ж на галаву. Пост-тутэйшы беларус ведае, што мы — не рускія і ненавідзіць Беларусь, бо не ведае «што далей?». Такая загагуліна.

Адпаведна, тыя, хто былі ў стане «спакою» «сапраўднымі беларускімі патрыётамі», падчас мітусні імгненна прысмоктваюцца да амбасады суседніх дзяржаў, становяцца гэтых суседніх дзяржаў лабістамі, бо Беларусі для іх — няма. У іх ёсць толькі Расія. Расія і «Беларусь-не-Расія».

Беларусь — гэта Літва, чарнаморска-балтыйскі звяз, краіна эльфаў, пячора троляў… Што заўгодна. Толькі не Беларусь з кропкай.

І гэта ў той час, пакуль шчыльнымі радамі тысячы інкубатарскіх адэптаў рускага міра строчаць, як і сотні гадоў таму, свае лісты цару Масковіі. Яны гатовы ракам паўзці да Масквы таму, што іх першапачатковая тутэйшасць была «няпольская», пакуль іншыя гатовыя паўзці ў бок да Варшавы, Вільні ці Кіева таму, што іх базавая тутэйшасць была «нерасейская».

Наш алімпіец Уладзіслаў Ганчароў сказаў «Мне падабаецца характар беларусаў. Мы не такія нахабныя, як рускія», і я чую лікованіе вакол. Які разумны чэмпіён наш. Мы не такія як расейцы! Мы не такія нахабныя. Так…

А якія мы нахабныя? Наколькі? Як хто? Як кіргізы? Як палякі? Як літоўцы? Адкажы мне, тутэйшы, якія мы? Чыіх ты будзеш. Я разумею, табе цяжка і пакос, але ўяві сабе, што Расіі няма. Што больш нікога ў свеце няма. Толькі мы. Беларусы. Пагавары са мной.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?