Лідэры беларускай апазыцыі 12 траўня па выхадзе з турмы на Акрэсьціна правялі прэсавую канфэрэнцыю. Тэма расійскага эканамічнага шантажу была на ёй галоўнай.

Аляксандар Мілінкевіч і Зьміцер Дашкевіч толькі зранку выйшлі на волю. Да іх далучыліся Сяргей Калякін і Вінцук Вячорка, якія вызваліліся ўчора. Адсутнічаў адзін толькі Аляксандар Бухвостаў: з збоем сардэчнага рытму ён адразу пасьля турмы патрапіў у больніцу «хуткай дапамогі».

Пытаньне пра заяву расейскага прэзыдэнта 11 траўня наконт спыненых датацыяў для беларускай эканомікі не было для Мілінкевіча нечаканым, хаця даведаўся ён пра яе толькі сёньня зранку: «Я думаю, такой рэакцыі Крамля можна было чакаць. Калісьці Лукашэнка хацеў аб’ядноўвацца, сёньня ён ня хоча аб’ядноўвацца. Эканамічныя санкцыі з боку Расеі пачаліся раней, чым заходнія. Мы ніколі не былі за тое, каб дзейнічаць паводле прынцыпу «чым горш – тым лепш». Для Беларусі гэта будзе сур’ёзнае выпрабаваньне. Кепска, што ўрад ня выкарыстаў рэзка заніжаныя, ільготныя цэны для таго, каб падрыхтавацца да натуральна вялікіх».

Разам з тым, Мілінкевіч выказаўся рэзка адмоўна наконт расейскага ціску на Беларусь: «Я хачу сказаць, што ў Беларусі няма такіх палітычных сілаў, якія былі б за ліквідацыю беларускай незалежнасьці. Я ня ведаю, на што можа разьлічваць Расея ў гэтым пляне. У Беларусі, паводле сацыялягічных апытаньняў, толькі 6% гатовыя ўвайсьці ў склад Расеі. Таму я не разумею, з кім зьбіраюцца падпісваць Саюзную дамову – з чымсьці эфэмэрным, чымсьці няісным. Калі такая дамова будзе падпісаная, я яе буду называць толькі аншлюсам. Я лічу, што краіны Захаду не павінны празнаваць такую дамову, бо за ёй будзе рэфэрэндум, які ў нашай дыктатарскай краіне правесьці немагчыма. таму мне падаецца, што гэта памылковая пазыцыя Расеі. Мы за добрасуседзтва з Расеяй, супрацоўніцтва зь ёй на роўных, але «вэнтыльная» палітыка – гэта нешта зь мінулага стагодзьдзя».

Сяргей Калякін зьвярнуў увагу на ўнутрыбеларускі аспэкт праблемы: «Для мяне толькі загадка, чаму так позна Расея гэта робіць. Кожны год Расея дае Беларусі каля 3,5–4,5 млрд даляраў, за кошт чаго функцыянуе сацыяльная сфэра Беларусі й за кошт чаго сёньня ёсьць гэты цуд, называны беларускай эканамічнай мадэльлю. Кожны разважлівы палітык павінен разумець, што Расея рана ці позна пяройдзе на рынкавыя цэны нават унутры краіны і на газ, і на нафту. І да гэтага трэба было рыхтавацца. А цяпер сытуацыя катастрафічная: для беларускай эканомікі гэта страта 13% валавога ўнутранага прадукту! Гэта крушэньне нашага ўнутранага разьвіцьця і практычны каляпс сацыяльнай сфэры. Таму Аляксандру Рыгоравічу трэба думаць не пра тое, як ён будзе выконваць абяцаньні пра павышэньне, а пра тое, як ён будзе выконваць сёньняшнія сацыяльныя гарантыі.»

Мілінкевіч ахарактарызаваў заяву расейскага кіраўніцтва як апошнюю спробу ажывіць так званую «саюзную дзяржаву»: «Я не выключаю, што гэта апошняя адчайная спроба падпісаць дамову, якая ў прынцыпе ня можа быць падпісаная. Гэта эфэмэрная дзяржава, якую нельга пабудаваць».

Паколькі ўсе гэтыя заявы адбываюцца на тле будучага саміту G-8 у Санкт-Пецярбургу, натуральным быў зварот да краінаў Захаду: «Думаю, што дэмакратычныя краіны падымуць пытаньне пра Беларусь. Для Расеі гэта ня вельмі зручна, але яны мусяць гэтае пытаньне ўзьняць, бо гэта праблема ня толькі наша – гэта праблема эўрапейская».

Гаворачы пра далейшыя пляны апазыцыі А.Мілінкевіч казаў, што цяпер галоўнае – выпрацаваць стратэгію на будучыню: «І калі нам два дні далі пасядзець у турме разам, мы таксама над ёй працавалі. Яшчэ хочам праехаць па рэгіёнах, сустрэцца з нашымі штабамі, каб пачуць іх думку. Сказаць, як мы бачым, што зрабілі добра ці дрэнна, і з чым ісьці наперад».

Ад вулічных акцыяў апазыцыя не адракаецца. «Толькі вуліца можа прымусіць улады да саступак і адыходу. Але калі мы будзем займацца толькі вулічнымі акцыямі, а ня будзем працаваць з грамадзянамі Беларусі, то мы прайграем вулічныя акцыі: яны будуць згасаць. Мы хочам зараз выкарыстаць той час, што ёсьць, на працу, якую рабілі паўтара году: езьдзіць па рэгіёнах, дыскутаваць, пераконваць людзей не баяцца. Галоўнае, каб такая праца дала вынік вуліцы», – адзначыў А.Мілінкевіч.

«Антыкрызысныя прапановы дэмакратычных сілаў і будуць галоўным пасланьнем у гэтай рабоце», – дадаў В.Вячорка.

Аркадзь Шанскі, «Наша Ніва»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0