Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада каля 18:00 у Віцебску на праспекце Фрунзе каля рэстарацыі «Зялёна Гура»: чатыры жанчыны ўвайшлі ў вагон, які ехаў у дэпо, і адмовіліся выходзіць, пакуль не будуць выкананыя іх патрабаванні. Пра гэта пішуць »Народныя навіны Віцебска». 

Патрабаванні, аднак, у іх былі простыя — жанчыны хацелі даехаць да сваіх прыпынкаў. Канфлікт, як апісвае відавочца ў сваім блогу, адбыўся з-за таго, што адзін з трамваяў, якія ідуць па маршруце на вуліцу Гагарына, зламаўся. Таму з наступнага вагона пасажыраў высадзілі, і ён павярнуў на Фрунзе.

Трамвай адбуксіравалі ў рамонт, аднак затым трамваі маршрутаў №1 і №3 замест Гагарына ішлі ў дэпо. Людзі, якія сабраліся на прыпынку, не маглі з'ехаць больш за гадзіну.

У выніку чатыры жанчыны, папярэдне патэлефанаваўшы ў дыспетчарскую службу і выказаўшы усё, што думаюць з нагоды рашэння гэтай праблемы, вырашылі увайсці ў першы, які прыйдзе, вагон і патрабаваць, каб іх даставілі на патрэбныя прыпынкі.

Іх ахвярай стаў чарговай трамвай, які таксама ішоў у дэпо. Жанчыны ўвайшлі ў вагон і аб'явілі кандуктару, што нікуды не выйдуць, пакуль іх не адвязуць дадому. Збянтэжаныя кіроўца і кандуктар гразіліся выклікаць міліцыю ці адвезці «захопніц» у дэпо, аднак жанчыны заставаліся непахісныя. У рэшце рэшт, пасля перамоў з дыспетчарам, трамвай паехаў на вуліцу Гагарына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?