Амерыканскі вытворца аўтамабіляў класа «люкс» Cadillac, які належыць General Motors, распачынае вытворчасць аўтамабіляў у Беларусі. Пра гэта прадстаўнікі кампаніі заявілі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Аўтацэнтр «Мультымотарс», які раней быў дылерам Chevrolet і Opel у Беларусі, цяпер будзе займацца і амерыканскай маркай Cadillac. Ужо сёння ў мадэльным шэрагу прадстаўленыя поўнапамерны уседарожнік Escalade, бізнэс-седан CTS і новы красовер XT5. Гарантыя на ўсе аўтамабілі складае 3 гады ці 100 000 кіламетраў.

Сяргей Жлабо (дырэктар «Мультымотарс») мяркуе, што аўтамабілі Cadillac цяпер рэальна канкуруюць з японскімі маркамі аўто. Больш за тое, паколькі вытворчасць Cadillac распачынаецца ў Беларусі, кампанія будзе намагацца зрабіць магчымым зніжэнне цаны самога аўтамабіля: «Мы робім усё магчымае, каб беларускія пакупнікі аўтамабіляў Cadillac атрымалі самую выгадную цэнавую прапанову. Мы перакананыя, што ў сегменце люксавых аўтамабіляў з'явіўся новы і моцны гулец».

Дырэктар «Мультымотарс» Сяргей Жлабо.

Дырэктар «Мультымотарс» Сяргей Жлабо.

Хоць запчасткі будуць пастаўляцца з Масквы, кампанія плануе выпускаць у Беларусі каля 150 аўтамабіляў Cadillac у год. Сёння ў Беларусі зарэгістравана каля 500 аўтамабіляў гэтай маркі. Кампанія вельмі пазітыўна глядзіць на рынак, і не толькі Беларусі. Пры станоўчых выніках кампанія плануе пашырыць вытворчасць аўто для краін СНД.

Сёння для набыцця машыны дастаткова ўнесці 30% ад сумы аўто, а на астатнія 70% ёсць магчымасць аформіць лізінг.

Адначасова з прыходам на рынак кампанія прэзентавала ў Мінску новую мадэль, якая выраблена ў Беларусі — Cadillac XT5.

Cadillac XT5 — прэміяльны сярэднепамерны красовер, які, па словах распрацоўшчыкаў, зможа канкураваць з прадстаўнікамі «вялікай нямецкай тройкі» (BMW, Audi, Mercedes). Красовер распрацаваны на платформе С1 з падвескай МакФерсан спераду і шматрычагавай канструкцыяй ззаду, абсталяваны бензінавай «шасцёркай» аб'ёмам 3,6 літра магутнасцю 310 к.с. Разгон да сотні займае 7,5 секунды, а максімальная хуткасць абмежаваная электронікай на адзнацы 210 км/г.

Рухавік абсталяваны функцыяй дэактывацыі двух цыліндраў пры невялікіх нагрузках. Таму на трасе паўнапрывадны SUV расходуе 7,6 літра на 100 км.

Увесь салон зроблены з натуральнай скуры, дрэва, алюмінію і вугляпластыку.

На цэнтральнай кансолі размешчаны мінімальны набор кнопак, вялікая частка функцый «зашытая» у мультымедыйную сістэму з 8-цалевым сэнсарным экранам.

Аўтамабілі Cadillac XT5 абсталяваныя сістэмамі ўтрымання паласы і сачэння за несанкцыянаваным перасячэннем разметкі. Пры перастройцы без «паваротніка» ўключаецца вібрацыя ў сядзенні з патрэбнага боку. Аб небяспечным збліжэнні аўтамабіль таксама папярэджвае вібрацыяй, і ў выпадку неабходнасці здольны затармазіць самастойна.

У новым красоверы прадугледжанае месца для багажніка аб'ёмам да 1800 літраў дзякуючы таму, што сядзенні другога шэрагу складаюцца ў прапорцыі 40-20-40.

Усе версіі будуць мець васьмідыяпазонную аўтаматычную каробку перадач з рэжымам ручнога пераключэння. Базавы красовер будзе пярэднепрывадны. Поўны прывад даступны пад замову, як і адаптыўная падвеска з актыўнымі амартызатарамі.

Стартавая цана Cadillac XT5 — 45 300 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?