У Беларусі на 1 верасня 2016 года 348 сельгаспрадпрыемстваў, або 24% ад усёй колькасці, былі стратнымі. Пра гэта 15 лістапада ў Мінску паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Ён адзначыў, што выручка ад рэалізацыі прадукцыі па выніках васьмі месяцаў вырасла на 4,8%, а рэнтабельнасць продажу склала 3,2%.

«З дапамогай раней прынятых прэзідэнтам нарматыўных дакументаў мы зможам вырашыць праблемы неплацежаздольнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», — лічыць міністр.

Ён нагадаў, што ў Беларусі будуць выстаўляцца на продаж або здавацца ў арэнду стратныя сельгаспрадпрыемствы з доляй дзяржуласнасці. Гэта рашэнне замацавана ўказам прэзідэнта № 253 ад 4 ліпеня 2016 года. У якасці мер дасудовага аздараўлення сельгасарганізацыям і юрасобам — інвестарам даецца растэрміноўка пагашэння запазычанасцяў: па сумах штрафаў і налічаных пені за парушэнне тэрмінаў і парадку ўнясення плацяжоў у бюджэт фонду сацабароны; запазычанасці, якая ўтварылася на 1 ліпеня 2016 года, па вяртанні бюджэтных пазык і нявыплачаных працэнтаў, запазычанасці па выплаце падаткаў, збораў, пені; запазычанасці па выплаце штрафаў за адміністрацыйныя правапарушэнні; запазычанасці за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію па 31 снежня 2018 года. Указам вызначаны ўмовы за карыстанне растэрміноўкай пагашэння запазычанасці.

«Такія меры дазваляюць прадпрыемствам на два гады — пяць гадоў растэрмінаваць сваю запазычанасць. Гэта права, а не абавязак крэдытораў. Заключаецца сусветнае пагадненне, дасягаецца паразуменне. На суму крэдыторскай запазычанасці можна ўзяць акцыі прадпрыемства і ўдзельнічаць у яго кіраванні», — растлумачыў міністр. На яго думку, продаж гаспадаркі не дапаможа кампенсаваць даўгі. «Нам неабходна захаваць гэтыя сельгаспрадпрыемствы, захаваць працоўны калектыў і з дапамогай мер, прапісаных ва ўказах, падняць іх на больш высокі ўзровень развіцця, змяніць уласніка і надаць яму новы імпульс», — лічыць кіраўнік ведамства.

Паводле яго слоў, у Беларусі 323 сельгасарганізацыі з доляй дзяржуласнасці падлягаюць дасудоваму аздараўленнюі, 102 — банкруцтву.

Заяц таксама паведаміў, што, згодна з указам № 268, у краіне ствараецца Агенцтва па кіраванні актывамі, што дапаможа вырашыць праблему запазычанасці па банкаўскіх крэдытах. Паводле яго слоў, у агенцтва перададуць актывы 220 сельгаспрадпрыемстваў на суму доўгу ў 7,1 млрд недамінаваных рублёў.

Ёсць стратныя прадпрыемствы, адзначыў ён, і ў перапрацоўчай прамысловасці: пяць з 40 — малакаперапрацоўчых, 10 з 23 — мясаперапрацоўчых. «Паколькі рэнтабельнасць продажу мяса-малочнай прадукцыі на экспарт даволі высокая (напрыклад, у РФ ялавічыны — 21%, сыру — 28-30%, масла — каля 20%), стаіць задача перапрацоўваць сыравіну і з высокім дабаўленым коштам прадаваць прадукцыю за мяжу, у тым ліку ў трэція краіны», — адзначыў Заяц.

Ён паведаміў, што па выніках 9 месяцаў на экспарт было пастаўлена сельгаспрадукцыі на 1 млрд 850 млн долараў, што склала 99,3% да аналагічнага леташняга перыяду. Міністр выказаў упэўненасць, што па выніках 11 месяцаў экспарт выйдзе на ўзровень мінулага года, а па выніках года можа яго і перавысіць. Прадукцыя пастаўляецца ў 58 краін свету.

У трэція краіны экспартавана сельгаспрадукцыі на 3,2 млн долараў. Трыццаць чатыры беларускія прадпрыемствы атрымалі права на пастаўку малочнай прадукцыі ў Кітай, чатыры — мяса. «На 60—70 тыс. долараў у гэтым годзе мы паставім у трэція краіны больш. Гэта, можа быць, не шмат, але для нас названыя рынкі вельмі перспектыўныя», — адзначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?