Абраны на мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп звярнуўся да Белага Дома з пытаннем пра наданне сваім дзецям дазволу на доступ да сакрэтнай інфармацыі самага высокага ўзроўню, паведаміў сайт CBS News.

Дзеці Трампа — дачка Іванка, сыны Эрык і Дональд — былі важнымі ўдзельнікамі і распрацоўшчыкамі выбарчай кампаніі свайго бацькі, а таксама сталі часткай каманды, якая займаецца прыёмам спраў ад дзейнай прэзідэнцкай адміністрацыі, піша Reuters.

Эрык Трамп, Дональд Трамп-малодшы, Іванка Трамп, Дональд Трамп. Фота Reuters

Эрык Трамп, Дональд Трамп-малодшы, Іванка Трамп, Дональд Трамп. Фота Reuters

Дзеці прэзідэнта паводле закону не могуць быць супрацоўнікамі Белага дома, аднак яны могуць лічыцца дарадцамі па тым ці іншым пытанні. Каб атрымаць такі дазвол, трэба запоўніць спецыяльную анкету і прайсці адпаведную праверку.

Раней сыны і дачка Дональда Трампа ўжо казалі, што не будуць займаць афіцыйных пастоў ва ўрадзе.

«Я збіраюся быць проста дачкой. Аднак падчас выбарчай кампаніі я казала, што вельмі заклапочаная пэўнымі праблемамі, і што хачу іх вырашыць», — сказала, напрыклад, Іванка Трамп у эфіры CBS News. 

Менеджарка кампаніі Трампа Келіэн Конуэй паведаміла СМІ, што яна не мае непасрэднай інфармацыі пра запыты адносна доступу да сакрэтнай інфармацыі, аднак, калі такія былі, то яны, імаверна, былі нефармальнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?