Закон аб арганічным земляробстве можа запрацаваць у Беларусі ўжо ў 2017 годзе, заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц 15 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

На яго думку, закон можа набыць моц у лістападзе наступнага года. Пры гэтым ён адзначыў неабходнасць «вызначыць, што такое арганічная прадукцыя: малако, мяса або прадукцыя земляробства, паставіць тыя рамкі, якія неабходныя для арганічнага земляробства, распрацаваць тэхрэгламенты і забяспечыць такім вытворцам дзяржаўную падтрымку».

Ён падкрэсліў, што ва ўсім свеце арганічны прадукт цэніцца і мае высокі кошт. Яго вырошчванне і атрыманне прадугледжвае непрымяненне мінеральных угнаенняў, гербіцыдаў, пестыцыдаў, а толькі арганічных угнаенняў. «Гэта тое, што дае матухна-зямля», — адзначыў кіраўнік ведамства.

Міністр прывёў прыклад, калі ў канцы 1960-х гадоў у Беларусі збіралася 8 цэнтнераў з гектара збожжавых. «З такой ураджайнасцю хіба можна пракарміць сёння наш народ? Не, вядома. І мы са сваім геаграфічным становішчам знаходзімся ў крыху горшых кліматычных умовах земляробства, чым Францыя ці Германія. Там менш хвароб. У Беларусі, каб атрымаць ураджай, трэба вельмі сур'ёзна абараняць нашы пасевы ад шкоднікаў і хвароб», — падкрэсліў Заяц. Ён паведаміў, што без абароны расліны назапашваюць мікатаксіны, якія па сваім уздзеянні на арганізм чалавека больш шкодныя, чым пестыцыды і хімікаты. Разам з тым у беларускай прадукцыі няма перавышэння норм хімікатаў, запэўніў міністр. «Тэхналагічны догляд за раслінамі спрыяе таму, каб забяспечыць краіну і экспарт натуральным прадуктам без утрымання ядахімікатаў, нітратаў, нітрытаў», — сказаў міністр.

«Земляробства ў аснове сваёй павінна быць экалагічна інтэнсіўным, не парушаючы прыроду, забяспечваць якасць прадукцыі без прымянення ядахімікатаў, пестыцыдаў, нітратаў і іншых», — сказаў Заяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?