За дзевяць месяцаў бягучага года сацслужбам Мінска ўдалося працаўладкаваць усяго 11 асоб без пэўнага месца жыхарства, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 16 лістапада намеснік старшыні камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка.

Паводле яе слоў, асобы без пэўнага месца жыхарства неактыўна ідуць на кантакт з сацслужбамі, яшчэ менш настроеныя на сацыялізацыю і вяртанне да нармальнага ладу жыцця.

«Бяруць вопратку, ежу, начуюць і зноў сыходзяць», — дадала прадстаўніца выканкама.

Дудка зазначыла, што ўтрыманне адной асобы без пэўнага месца жыхарства абыходзіцца бюджэту ў 432 рублі (без харчавання) за месяц.

На сёння ў сталічным Доме начнога знаходжання зарэгістравана 300 асоб без пэўнага месца жыхарства. Мінулай ноччу там начавалі 48 чалавек. Усяго ж дом разлічаны на 92 ложка-месцы, пры неабходнасці колькасць можна павялічыць, сказала Дудка.

Між тым за 2015 год, паводле слоў Дудкі, у сацслужбах было зарэгістравана 1.685 зваротаў па дапамогу ад бяздомных людзей. Падчас леташняй акцыі «Сацыяльны патруль» па выяўленні такіх асоб і аказанні ім сацыяльнай, медыцынскай і юрыдычнай дапамогі зарэгістравана 362 звароты.

Са студзеня па верасень бягучага года дзяржаўнымі службамі сацыяльнай падтрымкі дзевяць чалавек без пэўнага месца жыхарства з ліку пенсіянераў і інвалідаў былі ўладкаваныя ў дамы-інтэрнаты, пяці асобам далі жыллё, 25 — аднавілі дакументы і прызначылі пенсіі.

Дудка расказала, што сёння сярэднестатыстычны чалавек без пэўнага месца жыхарства ў Мінску — мужчына 40-45 гадоў з нізкай матывацыяй на сацыялізацыю. Больш за трэць з іх маюць жыллё і рэгістрацыю, але часцей за ўсё з дому іх выганяюць сваякі.

У асноўным у гэтую катэгорыю асоб уваходзяць людзі, якія пакутуюць ад алкагалізму, радзей — наркаманіі. 25% з ліку асацыяльных асоб — жанчыны.

Таксама яна дадала, што ў рамках мерапрыемстваў па сацыяльнай падтрымцы асоб без пэўнага месца жыхарства ў Мінску з наступнага тыдня стартуе ўжо чацвёртая па ліку акцыя «Сацыяльны патруль», накіраваная на выяўленне і аказанне ім сацыяльнай, медыцынскай і юрыдычнай дапамогі. Сёлета да «Сацыяльнага патрулю» далучаецца Беларуская праваслаўная царква, у прыватнасці Свята-Елізавецінскі манастыр, які мае добры вопыт у сацыялізацыі бяздомных асоб, зазначыла прадстаўніца Мінгарвыканкама.

Манастыр мае гаспадарчы падворак, дзе без даведак і дакументаў прымаюць усіх, хто мае патрэбу ў дапамозе і рэабілітацыі. Ім даецца прытулак, харчаванне. Тут арганізаваная дрэваапрацоўчая вытворчасць, трактарная станцыя, жывёльны двор. Насельнікі падворка прыцягнуты да працы, гатуюць, прыбіраюць, вырабляюць царкоўную і сувенірную прадукцыю, наведваюць службы. Сёння на гаспадарчым падворку манастыра, размешчаным у вёсцы Лысая Гара, пражывае і працуе каля 170 чалавек».

«Мы дамовіліся з мясцовай адміністрацыяй аб тым, што калі падчас патрулявання мы будзем знаходзіць сацыяльна непаспяховых людзей, якія не хочуць ісці ў сацыяльныя дзяржаўныя ўстановы, то будзем прывозіць іх на падворак у Лысай Гары», — сказала Дудка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?