Літаратура2626

Забыты класік Міхась Зарэцкі: смелыя сэксуальныя сцэны, фатальныя жанчыны, брутальныя мужчыны 

20 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння першага майстра парадоксу ў беларускай літаратуры. Піша Васіль Дранько-Майсюк.

Яго проза была натхнёная творчасцю Івана Тургенева. Услед за аўтарам «Дыму» ён выпісвае вобразы нервовых, сэксуальна прыцягальных жанчын, якія ўмеюць разбураць, а не ствараць. Толькі яго гераіні — гэта, безумоўна, не арыстакраткі, а камсамолкі, чэкісткі, работніцы заводаў.

Жанчына-вамп — камсамолка! Гучыць выдатна!

Як і Тургенеў, ён любіў надаваць сваім апавяданням меладраматычную афарбоўку, бо адным з першых у нашай літаратуры зразумеў — пісаць трэба не толькі на важныя тэмы, але яшчэ і так, каб цябе хацелі чытаць. І меў рацыю, што не слухаў свайго празмерна строгага крытыка Максіма Гарэцкага:

«Міхась Зарэцкі паганяе за таннымі эфектамі, упадае ў мяшчанства, яго героі падобныя да персанажаў крымінальных раманаў невысокай мастацкай якасці». Падобным «эфектам» у Зарэцкага вучыліся Іван Шамякін і Уладзімір Караткевіч,

менавіта таму сталі найбольш папулярнымі пісьменнікамі ў Беларусі.

Міхась Стральцоў, зазвычай абыякавы да вонкавай сюжэтнай займальнасці, натхняўся ў яго іншым. Героям Зарэцкага часта бывае цесна ў той прасторы, дзе яны жывуць. У іх ёсць сіла, энергія, размах і зухаватасць, але разам з тым і надлом (часам невытлумачальны для іх саміх), няўпэўненасць, раптоўныя перапады настрою. Усё гэта было блізка Стральцову. Напрыклад, галоўны герой з апавядання Стральцова «Свет Іванавіч, былы донжуан» — гэта, па сутнасці, родны брат такога ж непрыкаяна-бязмэтнага Адама Барковіча з апавядання «Ой, ляцелі гусі…».

Міхась Зарэцкі (стаіць у цэнтры) з іншымі пісьменнікамі. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. 1936 г.

Кожны герой Зарэцкага мае якую-небудзь страшную тайну.

Асабліва гэта тычыцца жанчын. У апавяданні «Мар’я» чырвонаармеец Ляксандр Мішчанка ў захапленні ад простай сялянкі (яе іменем і названы твор). Для хлопца гэтая кабета не менш загадкавая, прыгожая і таямнічая, чым якая-небудзь Грэта Гарба. Яе муж з’язджае па справах. У нашых герояў ноч кахання, падчас якой Мар’я прызнаецца, што задушыла сваё першае дзіця. Як бы вы паставіліся, каб вашая каханка расказала вам нешта падобнае? Наўрад ці захацелася б далей з ёй мець супольную радасць. Ляксандр жа пакахаў гэтую забойцу з яшчэ большай сілай.

Гераіня апавядання «Кветка пажоўклая», былая чэкістка, і, безумоўна, прыгажуня, працуе ў дзіцячым доме. Яе таксама прыгнятае нейкая тайна.

Яна прызнаецца каханаму, што паходзіла з панскага роду і, калі перайшла на бок бальшавікоў, ледзьве не ўласнаручна расстраляла сваю сям’ю.

Герой, як таго і патрабуе эстэтыка твораў Зарэцкага, пранікаецца яшчэ большай пяшчотай і хоча, каб гэтая жанчына стала ягонай жонкай.

Зарэцкі любіць выяўляць парадаксальныя ўчынкі і рэакцыі сваіх персанажаў. Можна нават сказаць больш смела — Зарэцкі першы вялікі майстар парадоксу ў нашай літаратуры.

Калі ты зрабіў страшнае злачынства, цябе пачынаюць кахаць яшчэ больш, калі твая жонка цяжка хворая, то каханка ўгаворвае ехаць да хворай, а заканчвае фразай: «Нікуды цябе не адпушчу!»

(«Ой, ляцелі гусі…»), калі ты жанчына і выступаеш за тое, каб дзеці выхоўваліся ў інтэрнатах, то сама тайна прыходзіш наведваць свайго дзіцёнка і пакутуеш з-за таго, што ён не з табой («Дзіўная»), калі ты жартам прапаноўваеш паланёнаму ворагу партыю ў шашкі, то пад канец гульні, праіграўшы, страляеш у яго («Адна партыя ў шашкі»).

У той час, як у герояў Кузьмы Чорнага пануе мройна-нявызначаная гармонія паміж пачуццямі і думкамі, то персанажы Зарэцкага падуладныя перш-наперш эмоцыям, імпульсам.

Са здзіўляльнай лёгкасцю яны кідаюцца пад цягнік («Кветка пажоўклая»), забіваюць («Радасць»), без грошай і дакументаў уцякаюць ад жонак і каханак у невядомы свет («Ой, ляцелі гусі…»).

Зарэцкі не верыць у стваральную моц кахання. Сям’я для яго — гэта сінонім разладу, а нечаканы раман абавязкова прывядзе да смерці.

Зарэцкі верыць у жарсць. Сцэны сэксуальнага плана займаюць у яго творах важнае месца: «З маладосці ў яе было надзвычайна прыгожае цела. Такое цела бывае ў рэдкай жанчыны. Тут, на гэтай лаўцы, я першы раз пры святле месяца ўбачыў яе свежыя дзявочыя грудзі…» («Ой, ляцелі гусі…»); «…Я ж даўно знаю, што падабаюся вам… знаю, што і вы мне падабаецеся… Што, не верыце? Не? Хочаце, я пераканаю вас… Хочаце?

Яна раптам падбегла да яго, ускочыла к яму на калені, абняла горача, моцна стала цалаваць…

— Во! Во! Цяпер верыш? Верыш?..

Даніла… абнімаў яе гарачы стан…» («Бель»);

«Расшпіліла тужурку, сарочку парвала, паказала грудзі дзявоцка-крамяныя, белыя.

— Ха-ха-ха! Чаго ж раступіліся?.. Бачылі?.. Глядзеце, дзівуйцеся!… Мужчыны… грабаюць рукамі шурпатымі, лезуць з усіх бакоў.

— Эй, хто мацнейшы… бяры!..

Шкумацяць, ірвуць, вырываюць…» (аповесць «Голы звер»).

Дарэчы, многія эратычныя эпізоды з твораў таго ж Івана Шамякіна — таксама эстэтычны ўплыў героя нашага эсэ.

Калі ж персанаж Зарэцкага і вырываецца з гэтага пякельна-фізіялагічнага палону спапяляльнай жарсці, то яго наканаванне — быць адзінокім, спустошаным. І, па сутнасці, гэта ўжо не чалавек, а толькі абалонка.

У Зарэцкага няма цалкам адмоўных альбо станоўчых герояў. Часам, перад намі на першых старонках паўстае сапраўдны анёл, які затым ператвараецца ў д’ябла, а затым ізноў у анёла.

Вострая інтрыга, майстэрская гульня з кантрастамі, нечаканыя павароты сюжэту, смелыя сэксуальныя сцэны, фатальныя жанчыны, брутальныя мужчыны, якія могуць альбо зацалаваць альбо задушыць — усё тое, што цэніцца ў па-сапраўднаму ярка расказанай гісторыі, тое, чаму вучаць у найлепшых сцэнарных школах Галівуда — было бліскуча выяўлена ў творах Міхася Зарэцкага.

Гэта пісьменнік у якога трэба вучыцца. Асабліва тым, хто толькі пачынае пісаць.

Можа, калі б яго апавяданні, аповесці, раманы былі ўважліва прачытаны, то не была б наша сённяшняя маладая беларуская літаратура такой энергетычна кволай і эстэтычна нясмелай.

У яго творах хаваецца тая энергія, якая яшчэ можа абудзіць нашых юных, унутрана інэртных і абыякавых літаратраў. Толькі ці захочуць яны самі гэтага абуджэння?

Каментары26

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць