«Наша Ніва» паведамляла пра творчы падыход да ўборкі кукурузы на Вілейшчыне: ля вёскі Рабцы камбайны проста высыпалі кукурузу на зямлю замест таго, каб грузіць яе ў машыны. 

Як нам стала вядома ад мясцовых жыхароў, пасля публікацыі фота на поле прыязджала міліцыя, а камбайны з'ехалі і пакуль не вярталіся. 

Тамтэйшае кіраўніцтва пакідае сітуацыю «без каментароў», а мясцовыя жыхары хапаюцца за галаву: адны палі зарастаюць бур'яном, а засеянае не збіраецца ў тэрмін. 

Якое выйсце з сітуацыі знайшлі вілейскія ўлады? 

Як паведамляюць жыхары Вілейкі ў сацыяльных сетках, у дзяржаўныя прадпрыемствы з выканкама прыйшла «разнарадка» паслаць рабочых на прыборку кукурузы. 

«Людзей не палохае ні холад, ні бруд, а наадварот — надае яшчэ больш сіл і энергіі, — кпяць у сацсетках. — Ахвотных папрацаваць было столькі, што кіраўніцтву не хапала тэхнікі, каб адвезці людзей на палі. На полі ўсе былі роўныя, прыемна было бачыць, як згуртавана працуюць поруч просты рабочы і чалавек з дзвюма вышэйшымі адукацыямі!».

Усё гэта падмацоўваецца красамоўнымі фота. 

Аўтар допіса саркастычна прапаноўвае здаваць КДБ тых пляткароў, якія сцвярджаюць, нібы людзей прымушаюць ехаць на палявыя работы гвалтам.

«Кожны дзень ад нашай арганізацыі на полі павінны быць некалькі чалавек. Адмовіцца фактычна можна, але гэта ж разнарадка з выканкама. Калі людзей не будзе — то пакараюць нашае начальства, ну а далей вы разумееце — мы на дзяржаўнай рабоце закладнікі сістэмы. Такое першы раз. Гэта цяжкая і няўдзячная работа. Цяжка сказаць, ці вялікі плён ад нашай работы», — расказала «Нашай Ніве» на ўмовах ананімнасці жанчына з Вілейкі. 

Што цікава, па завядзёнцы прыгнечаным настаўнікам і медыкам кампанію на полі склалі нават супрацоўнікі высокатэхналагічнага прадпрыемства «Зеніт-БелОМА», якое вырабляе прыцэлы, лазерныя ўказальнікі, мікраскопы.

«Гэта кашмар, проста кашмар. У ХХІ стагоддзі збіраць кукурузу рукамі, стоячы па калена ў жыжы. Больш няма чаго дадаць», — так нам апісаў работу спецыяліст з «Зеніта».

У аддзеле ж ідэалогіі «Зеніта» нас запэўнілі, што «ніхто нікога не заганяе».

«Сельгаспрадпрыемствам дапамогу аказвае ўвесь раён, не толькі мы. Ніхто нікога не заганяе. Мы адзін аднаму дапамагаем», — сказала начальніца аддзела ідэалогіі. 

А як часта трактарысты дапамагаюць вам збіраць прыцэлы? — пацікавіліся мы.

«Пры чым тут гэта? Мы ж у крамы ходзім, сельгаспрадукцыю купляем, чаму б не дапамагчы. Бульбу прыбіраем, людзі для сабе зарабляюць тады бульбу, працэнты. Не купляюць, а зарабляюць. Ім жа аплацілі чай там, бутэрброды атрымалі», — падсумавалі на заводзе.

У Вілейскім райвыканкаме наяўнасць разнарадак па зборы кукурузы абверглі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?