Прыцягнула ўвагу рэклямка мастацкага фільма: побач наш родны з арнамэнтам і чырвоны з сярпочкам-малаточкам, якія часьцяком вісяць у горадзе без усякага кіна разам, “салодкая парачка”, карацей. Дык вось: яны, па-сямейніцку, гіпсавыя сэрыйныя статуі пахаванай эпохі і назва “Парк савецкага пэрыяду”. 2006-га году кіно.

Узгадалася потым, што чытаў якіясьці водгукі, але не запомнілася, мабыць крытычная жоўць, як звычайна. Ведаеце: крытыкі, яны вельмі часта, як бы гэта сказаць, неадэкватныя ці што. Яму даюць на вялікай эўрапейскай талерцы рыбіну таксама вялікую: лімончык, аліўкі, пятрушка побач і г.д. А ён пачынае моршчыцца і наракаць, што любіць сала, пачынае па савецкіх шніцалях за 27 капеек настальгічныя антымоніі распаўсюджваць. Карацей, бярэцца зь непрыемнасьцю пісаць пра рыбу, трымаючы ў галаве, прыкладам, мяса, разглядае, ня ведаю, стронгу з пункту гледжаньня сьвініны. Напэўна, яны пакрыўжданыя, пазбаўленыя чагосьці ў жыцьці людзі. Ня ведаю, адзін не ажаніўся, другі заробку сталага ня мае, трэйцяму на гарэлку вечна не хапае, у чацьвертага хранічны запор. Толькі, дзеля Бога, не падумайце чаго кепскага: пішу пра маскоўскіх крытыкаў, гэта ж яны адгукаюцца на айчынныя фільмы.

Дык вось: такую б тэму “Партызан-фільм” наш запароў бы дакладна. Але уявіць сабе, што на “Партызан-фільме” здымаюць пра савецкі запаведнік, ясна, немагчыма. Не-рэ-аль-на! Карацей, за высозным плотам, пад моцнай аховай захаваўся наш родны санаторны СССР. Сталінскія порцікі, пальмы, віно і гарэлка па хрушчоўскіх цэнах. У сталоўцы вечныя вечарыны дружбы народаў. Здаецца, часта дзея балянсуе на мяжы сьмешнасьці крыху прымітыўнай, але кожнага разу сытуацыя ўратаваная ўдалым жартам, перапеўкай, алюзыяй. Бо рэжысэр мае ўзровень. А дзякуючы гэтаму атрымліваецца не а-ля “Крывое люстэрка” іхняе, а, хай не геніяльная, але сымбалічная карціна.

Усё вясёла, неверагодна прыгожае сіняе мора, зыркае субтрапічнае лета, родныя ідэалы захаваныя, статуі, піянэры, чырвоныя гальштукі і піянэрскія песьні, браневічок Ільліча, усё ў поўным ажуры. Але крок улева, крок управа… Амаль незаўважная мяжа: побач зь весялосьцю, паказушным шчасьцем жывучыя традыцыі гулагаўскія. Закаханая парачка герояў, якія ўзбунтаваліся супраць райскіх парадкаў, урэшце ратуецца на ленінскім браневічку, апынаецца за плотам у “сярэднерасейскай паласе”, але наперадзе, за шлагбаўмам чакае хеўра, пяць вялізных чорных аўтамабіляў з сінімі лямпачкамі на даху. Завадатару, да слова, нададзена нярускае аблічча. Ён, яны стварылі гэты міні-СССР з пэўнай мэтай, для “народу”, але жывуць яны самі ў іншай эпосе, скажам, у эпосе вялікіх бабак.

Злыя плахітасы зараз забяруць ад станоўчага героя яго каханую, у якасьці закладніцы. Яны памкнуліся ўжо. Але зьнянацку “гарылы” кідаюцца да машын, бо чутны воклічы чапаеўскай коньніцы, якая набліжаецца да месца падзеі. “Нашы”,.. вымаўляе гераіня. Яны часова ўратаваны. Псыхалягічна ўсё тут апраўдана, без нацяжкі зроблена. І нас гэтак трымаюць: лепей ужо хай Чапай, піянэры, абы ціха, абы не бэтээры на вуліцах, камэнданцкая гадзіна, не аўтадафэ зь беларускіх кніжак. Абы не было вайны, як той казаў.

Нам штодня паўтараюць: савеччына — ваш хлеб надзённы, да скону будзеце савецкімі беларусамі, бля… Іншымі ня можаце ўсё роўна, мы вас прыдумалі ў 17-м, не было вас раней. З-за бугра чутно ва ўнісон: да 1991-га не існавала такой дзяржавы на мапе ніколі! Вас сапраўды бальшавікі прыдумалі! Да 1991-га не існавала бадай асобнай дзяржавы Славеніі. Але здаецца паважаюць славенцаў людзі, ня так як нас, савецкіх беларусаў, савецкіх у 2008 годзе, здурнець можна! Нам толькі зьдзіўляюцца непрыемна, часам фармальна спачуваюць. Сакрэт, ясна, у тым, што перш славенцы самі сябе паважаюць. А мы, халера, у парку пахаванага пэрыяду затрымаліся, дзе прытуліўшыся савецкі з калгасным сьцягам каля Леніна вісяць. А парк атрыкцыёнаў гэта заўсёды вялікія грошы. ЗЭ БАБКІ, словам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?