Я нарадзіўся ў Полацку, я жыву ў Полацку…

Мне падабаецца, што Сафійскі сабор з руінаў і ганьбы, пасьля выкарыстоўваньня яго ў якасьці парахавога склепу, зернясховішча, атэістычнага музэю стаў канцэртнай заляй зь вядомасьцю далёка за межамі Беларусі.

Мне не падабаецца, што ў гэтым храме (менавіта храме!) ўваходныя дзьверы такія ж, як і ў большасьці крамаў гораду — з плястыку … Затое па‑сучаснаму.

Мне падабаецца, што робіцца спроба ўключыць Спаскую царкву ў сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны.

Мне не падабаецца, што замест таго, каб вярнуць гэтай прыгажосьці першапачатковы выгляд з ладным купалам і цудоўнымі архітэктурнымі элемэнтамі, той самы двухсхільны дах, што робіць твор Іаана падобным да звычайнай сялянскай хаты, накрываюць меднымі пласьцінамі, а цыбуліна паўстае ў высакародным мэтале… Прыгожа блішчыць!

Мне падабаецца, што ў горадзе зьяўляюцца вуліцы Скарыны, Еўфрасіньні Полацкай, вяртаюцца Стралецкая, Крыжовая, Ніжне‑Пакроўская.

Мне не падабаецца, што гэта — адзіныя прыклады адэкватнай тапанімікі. Большасьць вуліцаў носіць ужо недарэчныя камуністычныя назвы. Цэнтар — спрэс савецкі! Галоўны праспэкт — Карла Маркса. Вуліцы Рагвалода, Усяслава Чарадзея, Рагнеды ніяк ня могуць зьявіцца. А вуліца Леніна, якая зьмяніла нядаўна сваё месцазнаходжаньне, мае імунітэт ад зьнікненьня — «дзеля гістарычнай памяці». Полацк — горад з справядлівай гістарычнай памяцьцю!

Мне падабаецца, што ставяць помнікі Сімяону Полацкаму, Еўфрасіньні Полацкай, Усяславу Чарадзею.

Гэты тэкст дасланы непасрэдна праз сайт
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма!

Мне не падабаецца прысутнасьць у горадзе Уладзіміра Ільіча — аж у двух асобніках. З тае прычыны месца найвялікшаму князю полацкай гісторыі знайшлі на задворках гораду. А праз рэлігійнае лобі, здаецца, існуе няпісаная забарона ўжываць слова Чарадзей, а толькі імя па бацьку — Брачыславіч!

Мне падабаецца, што будынкі езуіцкага калегіюму нарэшце рамантуюцца і прыстасоўваюцца пад адукацыйную установу.

Мне не падабаецца, што замест касьцёлу Сьвятога Стэфана і іншых карпусоў калегіуму дагэтуль стаіць «дом з вушамі». На ім нават падсьветку зрабілі. Адна зь візытных картак гораду!

Мне падабаецца абарона старых будынкаў.

Мне не падабаецца, што няведама з чыйго дазволу ў гістарычнай часцы гораду будуюцца проста страшныя па архітэктуры дамы (прыватныя дамы на вуліцы Ніжне‑Пакроўскай, шматпавярховік на вуліцы Войкава). А калі і што будуць рабіць з савецкай забудовай у стылі «баракко»? Цудоўны архітэктурны ансамбль!

Мне падабаюцца сьвяточныя мерапрыемствы, канцэрты, прысьвечаныя, напрыклад, дню гораду.

Мне не падабаецца тое, што чыняць перашкоды ў арганізацыі фэстывалю «Рок-кола». А ўспомніць параду зьмяніць назву канцэрту «Ноч ваўкалака» на «Мы — беларусы». Патрыятычна!

Мне падабаюцца арыгінальныя беларускамоўныя шыльды з назвамі вуліц.

Мне не падабаецца тое, што ў рэальнасьці Полацк — зусім не падобны на бацьку беларускіх гарадоў, як яго называюць. Беларускамоўныя шыльды з назвамі крамаў і ўстановаў можна пабачыць у лічаных месцах. Беларускае слова са сцэнаў на канцэртах ды з трыбунаў гучыць так часта, як рамантуюцца дарогі па‑за гарадзкім цэнтрам.

Мне падабаецца шмат чаго…

Але значна болей рэчаў, якія не падабаюцца…

Мне падабаецца, што ёсьць жаданьне зрабіць з Полацку турыстычны цэнтр.

Мне не падабаецца, што пакуль гэтая ідэя — толькі на словах, і няма разуменьня, што для гэтага трэба рабіць. Каб адчуваўся дух старажытнасьці, пераемнасьці традыцый, каб у кожнага мелася пачуцьцё небеспадстаўнай і непаказной гордасьці за тое, што ён ці яна — жыхар ці госьць слаўнага Полацку.

В. Савіцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0