Кааператыўны рух 1920—1930-х быў прагрэсіўнай справай. Фота admzsg.edu.pl.

Кааператыўны рух 1920—1930-х быў прагрэсіўнай справай. Фота admzsg.edu.pl.

Мая дачка, якая перыядычна ездзіць па рынках рэгіёна і гандлюе аксэсуарамі, апавяла сёння. На рынку ў Докшыцах падыходзіць жанчына да гандлёвай палаткі. Стаіць, нібыта, выбірае тавар.

— Можа чым магу дапамагчы, параіць? — пытае ў яе.

— Вы лепш парайце — як пражыць месяц за 400 тысяч (старымі) рублёў. Такі ўчора выплацілі ў нашым калгасе заробак! — адказала вяскоўка.

Дый наогул — два матэрыялы запар з’явілася на сайце НН аб непрыбранай кукурузе на Вілейшчыне, ды заснежаных палетках бульбы на Салігоршчыне, натхніла аўтара напісаць колькі слоў пра самы прыбытковы «калгас» Глыбоччыны ўсіх часоў і народаў. Пра «калгас», аб якім прафесары пісалі кнігі!

Праўда, «калгас» гэты быў на Глыбоччыне — не ў гэтыя дні, і не ў гэтай дзяржаве. І ў гэты «калгас» нікога сілком не заганялі, сяляне не тое, што туды ішлі дабраахвотна, а перадусім імкнуліся ў яго патрапіць.

У 1920—30-я гг. наша «абласная» газета «Kurjer Wileński» шматкроць пісала пра самы эфектыўны на паўночна-усходніх землях ІІ Рэчы Паспалітай Малачарскі кааператыў у мястэчку Пліса (за 20 км ад Глыбокага).

«Kurjer Wileński» №283, за 15 кастрычніка 1936 года паведамляе:

«Адной з найвялікшых грамадскіх арганізацый, якія сталі да барацьбы за стварэнне гаспадарчага дабрабыту земляроба ў Дзісненскім павеце, з’яўляецца Малачарскі кааператыў у Плісе, закладзены ў 1928 годзе. Кааператыў гэты сёння ёсць, без сумневу, найбагацейшым прадпрыемствам такога роду на абшарах Паўночна­-Усходніх Земляў. Па­за вытворчасцю характэрнай для малачарні прадукцыі, Кааператыў запусціў у рух сыраварню. Тэхнічнае абсталяванне ў выглядзе 14 велізарных машын мадэлі 1935 года з ёмістасцямі, якія змяшчаюць да 1.000 літраў, як і спецыялісты, былі атрыманыя з Фінляндыі.

Вага вырабляных сыроў вагаецца ў межах ад 60 да 90 кілаграмаў. Прадукцыя сыраварні экспартуецца таксама за мяжу пры пасярэдніцтве Саюза Малачарскага і Яйчарскага ў Варшаве. Пра вялікае значэнне Малачарскага Кааператыва для вёскі сведчыць пастаянны ўзрост лічбы сябраў кааператыва, а таксама павелічэнне колькасці прадукцыі, а менавіта: 1928 год скончыўся лічбай 58 сябраў, а 1935 год прынёс лічбу 786 сябраў; у 1928 годзе перапрацавана 109.000 літраў малака, а ў 1935 годзе — 1.647.000.

Малачарскі кааператыў і сыраварня ў Плісе ёсцьнайлепшым прыкладам, чаго можа дасягнуць супольная праца, накіраваная на развіццё гаспадарчага жыцця».

Яшчэ адна публікацыя, ужо праз два гады. «Kurjer Wileński», №278, за 10 кастрычніка 1938 года, піша:

«У 1928 годзе паўстаў у Плісе малачарскі кааператыў, які з кожным годам развіваўся ўсё больш

паспяхова. Пры гэтым кааператыве ў 1930 годзе пачаў працаваць склад яек, а ў 1934 годзе — вытворня сыроў. Кааператыў мае па адной філіі ў гмінах:

Пліскай, Глыбоцкай, Залескай, Лужэцкай, Порпліскай, Докшыцкай і Галубіцкай. Цяпер кааператыў

мае 823 сябраў, а памер сяброўскіх паёў дасягнуў 60.750 злотых. Малако дастаўляецца ад 2.025 кароў. У 1937 годзе абарот дасягнуў 227.714 злотых, прыносячы кааператыву даход у памеры 55.970 злотых. Кошты выдаткаў на працу кааператыва дасягнулі 55.979 злотых, прычым кошты працы ў адносінах да абароту дасягаюць без амартызацыі і іншых выдаткаў 21,38%, а разам з амартызацыяй і іншымі выдаткамі 25,94%».

«Kurjer Wileński» ад 1 лютага 1936 года прысвячае Малачарскаму Кааператыву ў Плісе аж ці не палову газетнай паласы! Аказваецца, «у серыі прац Кафедры Аграрнай Эканомікі Універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні пад рэдакцыяй прафесара доктара Вітальда Станевіча нядаўна на паліцах кнігарняў з’явілася праца Вернера Амберга пад назовам «Малачарскі Кааператыў у Плісе» (Amberg W. Spółdzielnia mleczarska w Plissie. Prace Zakładu ekonomii rolniczej Uniwesytetu Stefana Batorego w Wilnie (Выпуск 6), Zakład Ekonomii Rolniczej. Wilno.)

Кніга ўтрымлівае аж 106 старонак! Як шматкроць падкрэслівае аўтар, «Малачарскі Кааператыў у Плісе аказвае глыбокі дадатны ўплыў на гаспадарчае і культурнае жыццё мясцовага насельніцтва».

Натуральна, аўтар мае рацыю, у беднай краіне, дзе народ жыве ў галечы, не можа быць ніякай культуры, як і культуры гаспрадарчай. Кіраўніцтва Кааператыву вяло прапагандыскую працу сярод сялянаў, каб сеялі канюшыну і кармавыя буракі — каб такім чынам узняць надоі малака. І паведамляецца, што гэта ўдалося!

«Малачарскі Кааператыў у Плісе, — піша далей «Kurjer«, — у кароткім адносна часе грунтоўна змяніў характар тамтэйшай вёскі, адкрываючы перад ёй мажлівасці далейшага гаспадарчага развіцця».

Дарэчы, у пліскім Кааператыве асвоілі тэхналогію вырабу караля сыроў — сыра Эменталь!

Перыяд яго саспявання да 12 месяцаў. Сыр Эменталь мае характэрны пікантны, рэзкі саладкавы смак; для яго характэрныя буйныя паражніны з-за асаблівасцяў працэсу яго вырабу (вылучэнне вуглякіслага газу бактэрыямі). У некаторых краінах менавіта ён і завецца швейцарскім сырам.

Не буду занадна фантазіраваць, якой была б сёння беларуская вёска, каб ў 1991-м, на раздарожжы, мы збочылі не на той шлях. Аднак, упэўнены, вяскоўцы даўно б ужо жылі ў дабротных катэджах з усімі выгодамі, мелі б шмат дзяцей, ездзілі на джыпах. А прадпрымальныя фермеры арганізавалі вытворчасць і забяспечылі працай і годным заробкам сваіх вяскоўцаў! І гэта не толькі выраб малочных прадуктаў. Цяплічныя гаспадаркі, садаводства, рыбагадоўля, кансерваванне агуркоў, грыбоў… І, дарэчы, чаму ў нас у крамах польскія спецыі? Што ўжо нашыя вяскоўцы не могуць вырасціць кроп, пятрушку, сельдэрэй, базілік, перац, кмен… Я дык сам вырошчваю і раблю спецыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0