Праваабаронцы-вясноўцы выступілі з заявай з нагоды публікацыі «Нашай Нівы» пра разнарадкі на ўборку кукурузы на Вілейшчыне.

У сваіх зваротах у пракуратуру Вілейскага раёна і Мінаблвыканкам праваабаронца Валянцін Стэфановіч ставіць пад сумнеў, што гэтая праца была добраахвотнай і падкрэслівае, што супрацоўнікі розных прадпрыемстваў былі арганізавана прывезеныя на ўборку кукурузы на палях.

«Варта адзначыць, што ўсе гэтыя працы па ўборцы ўраджая кукурузы адбываюцца ў працоўны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх працоўных месцах і выконваць тыя працоўныя абавязкі, якія прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі працоўнымі дамовамі. У сувязі з гэтым выклікае пытанні прававы бок такой працы і яе прававога рэгулявання, аплаты і інш», — піша праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч адзначае, што паводле арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, якая не абумоўленая працоўнай дамовай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі.

Прыборка кукурузы ў сельгаспрадпрыемствах не з’яўляецца такім выпадкам.

«Па маім меркаванні, гэтая інфармацыя сведчыць аб парушэннях працоўных правоў грамадзян і прымяненні прымусовай працы ў дачыненні да іх з боку адміністрацыі прадпрыемстваў па распараджэнні мясцовых выканаўча-распарадчых органаў улады. Бо згодна з арт. 13 Працоўнага кодэкса прымусовая праца, у тым ліку ў якасці метада мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, забараняецца», — падкрэслівае Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч просіць пракуратуру Вілейскага раёна і Мінаблвыканкам правесці праверку па ўказаных фактах, а пры ўстанаўленні парушэнняў працоўнага заканадаўства з боку службовых асобаў прадпрыемстваў і мясцовых выканаўчых органаў улады — прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?