18.11.2016 / 20:29

«Аўдзі» з двухгадовым дзіцём перакулілася ў Брэсцкім раёне

Аварыя адбылася сёння раніцай, паведамляе УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 34-гадовая жыхарка вёскі Падлессе Радваніцкае на «Аўдзі 100» ехала па дарозе Брэст-Гулі-Падлессе Радваніцкае ў кірунку Брэста. На 4-м км аўтадарогі жанчына не справілася з кіраваннем, з'ехала з дарогі направа, аўтамабіль перакуліўся.

У выніку кіроўца атрымала цялесныя траўмы і шпіталізаваная ў Брэсцкую абласную бальніцу. Выяўлена, што яна была прышпіленая рамянём бяспекі. У ходзе праверкі таксама стала вядома, што за 2 гады стажу кіроўцы жанчына 29 разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні ПДР.

У машыне знаходзілася дзіця двух гадоў. Толькі дзякуючы спецыяльнай дзіцячай утрымліваючай прыладзе яно не пацярпела і пасля агляду на месцы здарэння медыкамі было адпушчанае дадому.

Глядзіце таксама: Эксперт: Дзе найбольш бяспечнае месца для ўстаноўкі дзіцячага аўтакрэсла

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру