Імкненне грамадства да матэрыяльных выгод і адыход ад традыцыйных каштоўнасцяў з'яўляецца выклікам часу, з якім дзяржава не можа не лічыцца, заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі 18 лістапада ў Мінску на V Форуме маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. СМІ: маральнае вымярэнне».

Форум арганізаваны Міністэрствам інфармацыі, Беларускім саюзам журналістаў і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

Дзяржава, падкрэсліў Бузоўскі, зацікаўленая «ў фармаванні здаровай, маральнай, духоўнай асобы, якая ў далейшым будзе фармаваць будучую дзяржаўнасць». «Што будзе ў каштоўнасцях ў моладзі — гэта не галаслоўныя інтарэсы, гэта перспектыва, якая ахопіць кожнага з нас», — сказаў ён.

Паводле слоў намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, у Беларусі на дзяржаўным узроўні праводзіцца ацэнка цэннасных арыенціраў грамадства. «Ні для каго не сакрэт, для многіх гэта становіцца нармальным, што ацэнка эфектыўнасці жыццядзейнасці таго ці іншага чалавека — гэта матэрыяльны дабрабыт. Гэтая каштоўнасць становіцца найбольш значнай з прычыны тых тэндэнцый, якія сёння ёсць. Але разам з гэтым мы ўваходзім у супярэчнасць, якая з'яўляецца дзяржаўнай», — заявіў чыноўнік.

«Грамадскія працэсы, маштабныя тэндэнцыі, якія да нас ідуць, еўрапейскія каштоўнасці, магчыма, нават якія з'яўляюцца міжнароднымі нейкімі стандартамі, звязаныя з паняццем сацыялізацыі ў грамадстве, — дадаў Бузоўскі. — Але якім чынам мы сёння сфармуем дзяржаву, калі яны фармуюцца як «я», «а вакол мяне», «тут і цяпер», «правы чалавека», «правы дзіцяці». Гэта значыць у цэнтры я, а далей — трава не расці. Гэта сацыялізацыя ці гэта дэсацыялізацыя?»

Пры гэтым намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта ўпэўнены: «Тыя пасылы, на якіх мы фармаваліся на працягу не аднаго дзясятка гадоў, руйнуюцца ў прынцыпе». «Яны фармаваліся ў сітуацыі, калі пераважалі такія паняцці, як духоўнасць, маральнасць. Сёння ў іх, магчыма, сумняваюцца. Але толькі ў тым выпадку, калі такая сіла, як журналістыка, не ўсведамляе сваю працу ў гэтым кірунку», — лічыць Бузоўскі.

Намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі папракнуў СМІ, у тым ліку дзяржаўныя, у пагоні за рэйтынгамі, падчас якой яны надаюць не так шмат увагі маральным пытанням. «Як сумясціць рэйтынгі і сацыяльную адказнасць? Усё гэта сёння стала звышактуальным з прычыны таго, што нават на тых датацыйных рэсурсах, якія дзяржава падтрымлівае для рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі, сёння гэта праяўляецца да такой ступені ярка, што выклікае ўжо і пэўную хвалю абурэння, скажу проста. І аналіз кантэнту, які сёння мы назіраем кожны дзень, паказвае, што гэта нясе пэўныя пагрозы», — лічыць чыноўнік. У якасці прыкладу такога негатыўнага кантэнту ён прывёў тэлеперадачы пра экстрасэнсаў.

Бузоўскі спаслаўся на нядаўняе апытанне 8 тыс. маладых людзей, 88,5% з якіх паведамілі, што бяруць інфармацыю аб культуры з інтэрнэту. «Калі ўзяць сёння сетку інтэрнэт і паглядзець, што там пераважае, якая інфармацыя, наколькі яна адпавядае паняццям духоўнасці і маральнасці, становіцца жудасна. Якую культуру, духоўнасць і маральнасць хто там атрымлівае?» — задаў пытанне чыноўнік.

Ён назваў СМІ каласальным рэсурсам, які ўплывае на грамадскія ўстаноўкі. «Не дарма кажуць, што гэта чацвёртая ўлада. І гэта праўда, гэта пацвярджаецца сучаснасцю, якая сёння характарызуецца такім паняццем, як інфармацыйныя войны. У войнах перамагае інфармацыя. Састарэлае такое паняцце аб тым, што пяро прыраўноўваецца да штыка, — яно зноў набыло каласальнае значэнне, прамое. СМІ сёння прыраўноўваюцца да байцоў на фронце», — заявіў Бузоўскі.

«Магчыма, я дзесьці перабольшваю, — дадаў ён, — але паверце, гэтае нагнятанне паходзіць ад ведання тэндэнцый, якія ідуць велізарнымі, сямімільнымі крокамі. Фактычна мы перажываем другі 41-шы год, толькі тады нашы дзяды і прадзеды выстаялі, а ці здолеем мы выстаяць — гэта пытанне», — падсумаваў прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?