Сталі вядомыя памеры ганарараў, якія вядучыя акцёры серыяла «Гульня тронаў», імаверна, атрымаюць за здымкі ў сёмым і восьмым сезонах. Пра гэта дакладвае The Hollywood Reporter.

Па інфармацыі выдання, акцёрам Пітэру Дынклейджу (Тырыён Ланістэр), Кіту Харынгтану (Джон Сноў), Эміліі Кларк (Дэенерыс Таргарыен), Лене Хіды (Серсея Ланістэр) і Мікалаю Костэр-Вальдану (Джэймі Ланістэр) заплацяць па 1,1 мільёна даляраў за эпізод. Пры гэтым чакаецца, што ў сёмым сезоне будзе сем серый, а ў восьмым — усяго шэсць.

У чэрвені партал Deadline пісаў, што ў 2014 годзе ўзнагароджанне топавых акцёраў серыяла складала каля 300 тысяч даляраў. Пазней з'явілася інфармацыя, што да апошніх сезонаў іх ганарары вырастуць як мінімум да 500 тысяч даляраў за серыю.

Сумы ўзнагароджання выканаўцаў іншых роляў не называюцца.

Здымкі сёмага сезона сагі «Гульня тронаў» пачаліся ў Іспаніі ў канцы кастрычніка.

«Гульня тронаў» — фэнтэзі-серыял амерыканскага канала HBO, выходзіць ад 2011 года. Яго літаратурнай асновай стала серыя кніг Джорджа Марціна «Песня лёду і полымя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0