12.05.2006 / 20:00

Лідэраў дысыдэнтаў не выбіраюць, імі становяцца Ад рэдакцыі

Лідэрам дысыдэнцкага руху трэба ўспрымаць як свой посьпех амбіцыі маладога пакаленьня, што падрастае ў іхных партыях і асяродках. Раз ёсьць падрост, значыць, справа ня гіне, а разгортваецца. Барыс Тумар адказвае Аляксандру Фядуту.

Лідэрам дысыдэнцкага руху трэба ўспрымаць як свой посьпех амбіцыі маладога пакаленьня, што падрастае ў іхных партыях і асяродках. Раз ёсьць падрост, значыць, справа ня гіне, а разгортваецца. Барыс Тумар адказвае Аляксандру Фядуту.

Затрыманьне і зьбіцьцё Лябедзькі, крымінальная справа супраць яго паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме, затрыманьне Вячоркі пасьля Чарнобыльскага шляху, працяглае зьняволеньне лідэра Грамады Казуліна далі ясны адказ Аляксандру Фядуту. Фядута, нагадаем, заклікаў да ратацыі лідэраў партый — нехта, маўляў, мусіць узяць на сябе адказнасьць за паразы, маецца на ўвазе — за тое, што Лукашэнка ўсё яшчэ застаецца пры ўладзе.

Ратацыя лідэраў — заўжды добра. Але сёньня быць сапраўдным палітычным лідэрам — гэта сядзець у турме. Гэта быць Махатмам Гандзі. Гэта рызыкаваць здароўем штодзённа. Хто схоча стаць такім лідэрам? Амбіцыёзных асобаў у дысыдэнцкім руху не бракуе. Ня ўсе сярод іх здольныя. Ня ўсе сярод здольных мужныя. Ня ўсе сярод мужных ня выберуць шлях кампрамісаў пры сутыкненьні з жорсткай рэальнасьцю, з рэальнасьцю не аднаго дня, а далёкай пэрспэктывы.

Што вылучае сапраўдных дысыдэнцкіх лідэраў — дык гэта ахвярнасьць. У чым у чым, але ў асабістай мужнасьці лідэрам існых дэмакратычных партый не адмовіш. Увогуле ж лідэраў пратэсту не выбіраюць, імі становяцца. Апазыцыйнае лідэрства — сапраўднае, а ня раўтавае — сёньня ў Беларусі мала дае і многага вымагае.

Варта дадаць і іншае. Лідэрам дысыдэнцкага руху трэба ўспрымаць як свой посьпех ціск, крытыку і — як бяз гэтага — амбіцыі маладога пакаленьня, што падрастае ў іхных партыях і асяродках. Гэта не выява праблемаў, гэта прыкмета посьпеху. Раз ёсьць падрост, значыць, ваша справа ня гіне, а разгортваецца. Фатальна, калі падросту няма. Тады гэта ўжо ня лес, а ў лепшым выпадку парк, а ці выпаленае поле. Ніхто са «сваіх», у рамках сваёй сыстэмы, ня кідае выкліку Пазьняку ці Лукашэнку. Ці ж гэта тое, пра што вы марылі?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру