У баранавіцкай паліклініцы №4 (былой чыгуначнай) пры закрыцці бальнічнага супрацоўніца рэгістратуры праверыла даты выездаў за мяжу ў пашпарце гараджаніна Аляксея Ждановіча.

Мужчына абураны і лічыць дзеянні супрацоўніцы неправамернымі. У адміністрацыі паліклінікі запэўніваюць, што з лютага 2016 года пры закрыцці бальнічнага ліста медработнікаў абавязалі правяраць, ці выязджаў пацыент за мяжу, піша intex-press.by.

«Што трэба, тое і шукаю»

Аляксей Ждановіч у пятніцу, 21 кастрычніка, прыйшоў закрываць бальнічны. Участковы лекар папрасіў паставіць неабходныя штампы на лісток непрацаздольнасці ў кабінеце рэгістрацыі бальнічных лісткоў. Пры рэгістрацыі лістка ў мужчыны з супрацоўнікам паліклінікі паўстаў канфлікт:

«Мяне абурыла, што незнаёмы чалавек пачаў «капацца» ў маім пашпарце. А калі я, да прыкладу, не хачу паказваць свае штампы аб разводах або колькасць дзяцей? Пашпарт усё-такі асабісты дакумент».

На пытанне, што яна шукае ў пашпарце, супрацоўніца адказала: «Што трэба, тое і шукаю». На яго здагадку «збіраеце звесткі аб выездзе гараджан за мяжу для пракуратуры?» яна адказала «так».

Гэтыя словы непрыемна здзівілі Аляксея. А праз некалькі дзён даты віз у пашпарце пры закрыцці бальнічнага праверылі і ў яго жонкі. Жонка Аляксея адмовілася перадаваць пашпарт у рукі супрацоўніка рэгістратуры і прапанавала паказаць патрэбныя старонкі. Рэгістратар накіравала яе да загадчыцы паліклінікі. Аднак, са слоў Аляксея, ніхто не паказаў дакументы, якія абгрунтоўваюць дзеянні супрацоўніка рэгістратуры.

У інструкцыі ўсё прапісана

Са слоў загадчыцы гарадской паліклінікі №4 Іны Беразюк, Аляксей Ждановіч — першы гараджанін, каго абурыла праверка віз у пашпарце ў паліклініцы. Медыкі адзначаюць, што для іх праверка пашпартоў на наяўнасць выездаў за мяжу — дадатковая нагрузка і «галаўны боль», аднак яны — выканаўцы закона.

«У дактароў ёсць інструкцыя аб парадку правядзення экспертызы часовай непрацаздольнасці, і яны абавязаныя яе выконваць», — адзначыла Ірына Шэйна, намесніца загадчыцы медыцынскай экспэртызы і рэабілітацыі гарадской паліклінікі №4.

Інструкцыя абвяшчае, што медработнік абавязаны ўнесці ў медыцынскія дакументы інфармацыю аб выездзе пацыента за межы РБ. Новаўвядзенне, прапісанае ў пастанове Міністэрства аховы здароўя №105, увайшло ў дзеянне ў лютым 2016 года.

Кантроль за выкананнем рэжыму пацыента вядзе доктар, адзначыла Ірына Шэйна. У выпадку невыканання пацыентам рэжыму доктар абавязаны ўнесці ў лісток непрацаздольнасці запіс «парушэнне рэжыму», што ў далейшым можа пацягнуць за сабой зніжэнне сумы або адмову ад выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці працадаўцам.

Прыватны выпадак

Тое, што ў Аляксея і яго жонкі візы ў пашпарце праверыў супрацоўнік рэгістратуры, Ірына Шэйна назвала прыватным выпадкам, падчас якога «супрацоўнік рэгістратуры пераправяраў працу доктара», таму што ў паліклініку паступіў званок аб парушэнні пацыентам рэжыму знаходжання на бальнічным. Аляксей сцвярджае, што рэжым не парушаў і за мяжу падчас бальнічнага не ездзіў.

Юрыст Сяргей Зікрацкі ўважае дзеянні супрацоўніка рэгістратуры неправамернымі. З аднаго боку, сцвярджае юрыст, ёсць указ прэзідэнта аб дакументаванні насельніцтва, у якім не агаворана, што асоба, якая атрымлівае пашпарт, не мае права праглядаць у ім старонкі. З іншага боку, важна разумець, якая была мэта супрацоўніцы, бо гараджанін перадаў ёй пашпарт для таго, каб тая спраўдзіла асобу чалавека.

«Калі рэгістратар пачынае глядзець іншыя старонкі ў пашпарце, то, хутчэй за ўсё, ён пераследуе сваю асабістую мэту альбо збірае гэтую інфармацыю, каб перадаць доктару, але, паводле закона, гэта павінен кантраляваць сам доктар», — кажа Сяргей Зікрацкі і лічыць, што Аляксей мае права скардзіцца на дзеянні супрацоўніка рэгістратуры ў адміністрацыю паліклінікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0