Руская праваслаўная царква (РПЦ) ніколі не пагодзіцца на незалежнасць Украінскай царквы ад Маскоўскага патрыярхату, заявіў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Пра гэта піша ВВС. 

Getty

«Наша Царква ніколі не пакіне ў бядзе сваіх братоў на Украіне і не адмовіцца ад іх. Мы ніколі не пагодзімся на змяненне святых кананічных межаў нашай Царквы, бо Кіеў — гэта духоўная калыска святой Русі, як Мцхета для Грузіі ці Косава для Сербіі», - - сказаў патрыярх Кірыл у храме Хрыста Збавіцеля на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды свайго 70-годдзя.

Як сказаў патрыярх, сёння Украінскую царкву спрабуюць «уцягнуць у глыбокі канфлікт, які падзяляе грамадства, і зрабіць яе закладніцай гэтага канфлікту».

«Адбываюцца гвалтоўныя захопы храмаў, ігнаруюцца рашэнні судоў, вядзецца інфармацыйная кампанія супраць Царквы, ва ўкраінскім парламенце прапануюцца законапраекты, мэта якіх — дыскрымінаваць і паставіць у найцяжэйшыя ўмовы найбуйнейшую рэлігійную суполку краіны», — сказаў прадстаяцель РПЦ.

Ва Украіне цяпер дзейнічаюць тры праваслаўныя рэлігійныя арганізацыі: Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату і непрызнаныя РПЦ — Кіеўскі патрыярхат (створаны ў 1990-я гады) і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква (створаная ў 1917 годзе).

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка неаднаразова выступаў за стварэнне ў краіне памеснай Праваслаўнай царквы. Адна з мэтаў гэтай ініцыятывы — цалкам аддзяліць Украінскую праваслаўную царкву ад Маскоўскага патрыярхату.

У чэрвені Вярхоўная Рада зацвердзіла гістарычны зварот да Усяленскага патрыярха з просьбай надаць украінскай праваслаўнай царкве аўтакефалію, што стала б крокам да будучага прызнання кананічнасці УПЦ Кіеўскага патрыярхату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?