Прэзыдэнт Франнцускай Рэспублікі Нікаля Сарказі заклікаў да перагляду прынцыпаў будаваньня адзінай Эўропы. Сарказі заявіў пра гэта ў сваім выступе на францускім тэлеканале France 3.

Па думку Сарказі, у справе будаваньня адзінай Эўропы былі дапушчаныя памылкі, і жыхары Эўрасаюзу сталі губляць веру ў посьпех гэтага праекту.

«Штосьці ня так. Штосьці відавочна ня так», — заявіў францускі лідэр.

Паводле Сарказі, заклапочаныя грамадзяне Эўропы цяпер задаюцца пытаньнем, а ці «ня будзе ў выніку так, што дзяржаўныя ўлады будуць абараняць іх інтарэсы больш актыўна, чым эўрапейскія».

Рэха рэфэрэндуму ў Ірляндыі

Афіцыйна Францыя пачынае старшынстваваць у Эўрасаюзе зь 1 ліпеня, але цырымонія перадачы Славеніяй адпаведных паўнамоцтваў адбылася ў панядзелак у прысутнасьці кіраўніка МЗС Францыі Бэрнара Кушнэра.

А ўвечары ў панядзелак Эйфэлева вежа ў Парыжы афарбавалася ў блакітны колер, і на ёй заблішчэлі залатыя зоркі, што сымбалізавала сабой сьцяг Эўрасаюзу.

У ліку прыярытэтных пытаньняў на паўгадовы пэрыяд старшынства Францыі значацца праблемы іміграцыі, абароны і сельскай гаспадаркі.

Давядзецца Сарказі — як прэзыдэнту краіны, што старшынствуе ў ЭС — разьбірацца і з наступствамі рэфэрэндуму ў Ірляндыі — нагадаем, што ірляндцы выказаліся супраць Лісабонскай дамовы, што па сутнасьці замяняла сабой эўрапейскую канстытуцыю і была скіравана на рэфармаваньне Эўрасаюзу

Пазыцыя прэзыдэнтаў

Для ўступленьня гэтай дамовы ў сілу патрэбна згода сіх 27 краін ЭС. Сарказі скіруецца ў Ірляндыю 11 ліпеня, каб асабіста разабрацца ў тым, што непакоіць ірляндзкіх выбарцаў.

Тым часам прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі заявіў, што пакуль ня мае намеру падпісваць Лісабонскую дамову, нягледзячы на яе ратыфікацыю парлямэнтам.

Паводле Качынскага, з улікам вынікаў рэфэрэндуму ў Ірляндыі яе падпісаньнне робіцца справай бессэнсоўнай.

У Нямеччыне прэзыдэнт гэтай краіны Хорст Келер таксама адклаў падпісаньне ратыфікацыю дакумэнта, заявіўшы, што пачакае вэрдыкту найвышэйшай судовай інстанцыі Нямеччыны па гэтым пытаньні.

Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0