24 лістапада а 19-ай гадзіне ў Галерэі ТУТ.БАЙ (Мінск, пр.Дзяржынскага, 57. Бізнэс-цэнтр Omega Tower, 9 паверх ) адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу кнігі караля рэпартажнай журналістыкі Рышарда Капусцінскага «Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка».

Народжаны ў беларускім Пінску, Рышард Капусцінскі — легенда польскай рэпартажнай журналістыкі, вандраўнік і пісьменнік, вядомы ва ўсім свеце. Час, апісаны ў гэтай кнізе, — пераломны для асэнсавання свайго шляху і ўласнага месца ў жыцці чалавецтва. Кніга пра крывавыя рэвалюцыі, выпадковыя перамогі і паразы, расавы антаганізм, голад, эпідэміі, карупцыю, галечу. І пра невымоўную прагу жыцця.

Заплюшчыце вочы і ўявіце Афрыку. Які малюнак паўстае перад унутраным зрокам? Бясконцая залатая савана, ганарлівыя ільвы, велічныя сланы? Чародка худзюткіх дзяцей з вялізнымі вачыма, поўнымі надзеі? Прыгожыя жанчыны з даўгімі шыямі ў металічных бранзалетах? У вашых руках кніга «Чорнае дрэва» — самае сэрца Афрыкі. Ключ ад далёкага, таямнічага кантынента, поўнага магіі, любові і смерці. Кніга пра афрыканскі космас, усё яшчэ не дарэшты зведаны і зразумелы еўрапейцам. Там велічная прыгажосць прыроды суседнічае з дзікай галечай, дзе цень і вада каштоўнейшыя за ўсе скарбы свету.

Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» пры фінансавай падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам перакладчыка Яўгена Салейчука і асабістага сакратара Капусцінскага Бажэны Дудко. Мадэратар — Андрэй Хадановіч.

Надасць вечару адпаведны настрой выступ беларускага гурта «НАГУАЛЬ»з праграмай, якая складаецца з аўтарскіх кампазіцый на стыку беларускага і афрыканскага фальклору, а таксама з мноствам іншых стылістычных элементаў. Акрамя аўтарскага матэрыялу, будуць выкананы дзве народныя беларускія песні «Талака» і «Яблынь Мая «з выкарыстаннем афрыканскіх інструментаў балафона, джамбея і дарбукі.

Літаратурна-музычны вечар пад назваю «Афрыканская ліхаманка. Тут.бай» стане заключнай сустрэчай у рамках «Месяца польскай літаратуры-2016».

УВАХОД ВОЛЬНЫ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0