Нацыянальны сход В'етнама прагаласаваў за адмову ад двух сумесных з Расіяй і Японіяй праектаў па будаўніцтву атамных электрастанцый. На рашэнне паўплываў рост кошту праектаў і зніжэнне попыту на электраэнергію, піша ВВС.
Парламент галасаваў за зачыненымі дзвярыма. Прадметам слуханняў стала прапанова ўрада спыніць праект.
Праект па будаўніцтву АЭС «Ніньтхуан-1» сумесна з расійскім «Атамбудэкспартам» улады В'етнама ўхвалілі ў 2009 годзе. Расія была гатовая выдаць на будаўніцтва станцыі крэдыт у 8 млрд даляраў, які можна параўнаць з сумай, якую ў крэдыт гатовая была даць Японія.
«Ніньтхуан-1» магла стаць першай АЭС у Паўднёва-Усходняй Азіі.
Аднак 10 лістапада ў прэсе з'явіліся паведамленні аб тым, што ўрад краіны вырашыў адмовіцца ад праекту. Паводле Wall Street Journal, зніжэнне эканамічнага росту ў В'етнаме прывяло да падзення попыту на электраэнергію, а па кошце атамная энергія цяпер не можа канкураваць з іншымі відамі паліва.
Акрамя таго, на рашэнне в'етнамскіх уладаў мог паўплываць значны памер знешняга доўгу.