Уражаньні ад Чарнобыльскага шляху – 2006 засталіся дваістыя. З аднаго боку, цудоўна, што да Акадэміі навук прыйшлі тысячы чалавек. Іх колькасьць была істотна большай, чым у папярэднія гады.

Зь іншага ж боку, у адрозьненьне ад ранейшых Шляхоў, чарнобыльская тэма амаль растварылася ў агульнапалітычных прамовах і слоганах. Я зусім ня бачыў плякатаў ці расьцяжак, прысьвечаных гадавіне трагедыі. Чорная жалобная стужка была павязаная ці не на адным-адзіным сьцягу. Арганізатары не парупіліся пра раздачу значкаў з сымболікай, прысьвечанай Чарнобылю, як тое было раней. Яшчэ прыгадваецца, што раней на Шлях хадзіла даволі шмат ліквідатараў, якіх можна было пазнаць па адмысловых узнагародах. На гэтым шэсьці давялося пабачыць толькі аднаго. І нарэшце арганізатары мітынгу ля Акадэміі абавязкова мусілі абвесьціць хвіліну маўчаньня ў памяць ахвяр катастрофы.

Агулам, падавалася, што і арганізатары, і шмат хто з удзельнікаў шэсьця і мітынгу сабраліся ў асноўным для дэманстрацыі палітычнай салідарнасьці і абвяшчэньня палітычных плянаў. Гэта адбылося, і я гэта шчыра вітаю. Так, варта выкарыстоўваць кожную магчымасьць для палітычных зваротаў – замала ў нас такіх магчымасьцяў. Але гэтым разам чыстай палітыкі ў адрыве ад галоўнай тэмы было непрапарцыйна многа.

Дык не забывайма пра галоўнае!

Дзяніс Тушынскі, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0