Асаблівасці лексікі захаваныя.

«Пачынаючы выдаваць беларускую газету «Наша Ніва», хочам трохі пагаварыць з усімі, каму ў той чы іншы спосаб залежыць на нашай працы, хочам адкрыць свае думкі, каб усе маглі нас пазнаць.

«Наша Ніва» будзе другой беларускай газетой — першая газета «Наша Доля» не жывець: яна была надта нядоўга, бліснула, як маланка, і згінула дзесьці. Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць. І дзеля таго мы будзем старацца, каб наша газетка заглянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курной хаты мужыка-беларуса. Не думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, свет падаў у цёмнасць… Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць. Ведайце добра, што «Наша Ніва» газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на страніцах нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумне. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, что яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памаглі нам у нашай рабоце.

Не будзем пісаць громка. Будзем спакойне, цвёрда кідаць усім праўду ў вочы, пастараемся быць церпялівымі і панаваць над сабою: няхай халодны розум моцна трымае ў сваіх руках гарачае сэрца.

А цяпер прызываем усіх тых, хто разумее нашы цэлі, адчувае тое, што мы чуем, і захочэа нам памагчы:

Падтрымайце нас у рабоце, што цяпер пачынаецца!»

«Наша Ніва» выходзіла ў 1906—1915 гадах, пакуль немцы не занялі Вільню, дзе газета выходзіла.

У кастрычніку 1920 года газету аднавілі, аднак ужо праз некалькі месяцаў яна была забаронена польскай вайсковай цэнзурай. 

Наступная спроба аднавіць «Нашу Ніву» адбылася толькі ў 1991 годзе. Спачатку гэта было літаратурна-філасофскае выданне.

З таго часу газета выходзіць ужо 25 гадоў. З пачатку 2000-х яна паступова вярнулася ў свой колішні, пачатковы варыянт масавага, агульнаграмадскага выдання.

Калі ў 2006—2008 незалежную прэсу спрабавалі задушыць, НН выкарыстала праблему як шанец і рванула ў інтэрнэт. Ад 2011 года «Наша Ніва» стала самым папулярным сайтам на беларускай мове ў інтэрнэце і ўпэўнена трымае гэтую пазіцыю дасёння.

НН вылучаецца высокім узроўнем матэрыялаў. Усе апошнія гады менавіта артыкулы НН бралі першыя прэміі ў нацыянальным журналісцкім конкурсе «Вольнае слова» як у катэгорыі «Расследаванне», так і ў катэгорыі «Літаратурна-мастацкія жанры». 

Ад ліпеня 2016 года папяровая «НН» вярнулася да фармату месячніка.

Лістападаўскі нумар НН з расследаваннем пра дзейнасць заходнерусістаў.

А вось апошняя статыстыка праглядаў НН on-line (Google Analytics):

Жнівень 2016: 7,006,700
Верасень 2016: 6,670,410
Кастрычнік 2016: 6,574,399

Як бачыце, на нашым сайце стабільна чытаюць больш за 6 млн артыкулаў за месяц. Прыкладна 49% іх робяцца з мабільных прылад — M.NN.BY выключна камфортны, карыстайцеся ім. Што цікава, статыстыка Audience.by паказвае, што НН стабільна трымаецца на першым месцы па колькасці праглядаў на аднаго карыстальніка і па часе яго знаходжання на сайце. Мы маем верную аўдыторыю.

Што мы ведаем пра свайго чытача? У інтэрнэце даведацца партрэт чытача даволі лёгка.

85% нашых чытачоў жывуць у Беларусі, 40% прыпадае на Мінск, сталіцу. 90% нашых чытачоў — людзі з вышэйшай адукацыяй або студэнты і старшыя школьнікі. Нас чытаюць людзі самых розных слаёў, але ядро аўдыторыі складаюць людзі з даходамі вышэйшымі за сярэднія. Па ўзросце асноўная група — 25—45 гадоў. Яшчэ цікава, што амаль 65% аўдыторыі складаюць мужчыны.

Хоць НН пакуль не рабіла стаўкі на заваёву сацыяльных сетак, бо, каб зарабляць з рэкламы, нам важна, каб людзі прыходзілі на сайт. Аднак жа і ў сацсетках мы маем шмат прыхільнікаў. Чытаць НН можна:

У фэйсбуку — маем там на сёння 10,017 падпісчыкаў,

Укантакце — маем там на сёння 14,194 падпісчыкаў,

У Твітары — маем там на сёння 5,357 падпісчыкаў,

У Тэлеграме — маем там на сёння 200 падпісчыкаў,

А глядзець, на канале НН YouTube — маем там на сёння 8,113 падпісчыкаў,

«Наша Ніва» заўжды была выданнем грамадскім і ніколі — дзяржаўным, ніколі не трапляла пад кантроль аўтарытарнай ці таталітарнай улады.

Ва ўсе перыяды існавання газеты яна была газетай нацыянальнага інтарэсу.

«Наша Ніва» — гэта і культурны сімвал, і жывая традыцыя. І паўнаварты сучасны інтэрнэт-партал. Яна і сёння, як і сто гадоў таму, — голас незалежнага грамадства.

Неабходнай крыніцай сродкаў для развіцця застаюцца грошы, пералічаныя чытачамі. Гэта цяпер выключна проста зрабіць — праз АРІП. Просім кожнага — рабіце гэта хоць раз на месяц.

Пра газету «Наша Ніва»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?