Еўрапейскі парламент прыняў у сераду шырокую рэзалюцыю, у якой заклікаў змагацца з прапагандай Крамля і ісламскіх экстрэмістаў шляхам больш актыўнага яе выкрыцця і распаўсюджвання пазітыўнай інфармацыі аб ЕС, піша ВВС. 

Некалькі падраздзяленняў узначаленага Дзмітрыем Кісялёвым дзяржаўнага медыякангламерату «Расія сёння» згаданыя Еўрапарламентам у якасці інструментаў прапаганды і дэзінфармацыі. Фота Getty

За рэзалюцыю-даклад «Аб інфармацыйнай палітыцы ЕС у супрацьдзеянні накіраванай супраць яго прапаганды трэціх бакоў», складзеную дэпутатам Еўрапарламента ад Польшчы Ганнай Фатыгай, прагаласавалі 304 дэпутата. Супраць выказаліся 179, а яшчэ 208 устрымаліся.

«Еўрапарламент сур'ёзна заклапочаны хуткім пашырэннем у Еўропе інспіраванай Крамлём дзейнасці, уключаючы дэзінфармацыю і прапаганду, накіраваную на захаванне або павелічэнне здольнасці Расіі аслабляць і расколваць ЕС; […] прызнае, што ЕС павінен разглядаць стратэгічную камунікацыю ў якасці прыярытэту, што павінна суправаджацца прыцягненнем адпаведных рэсурсаў», — гаворыцца ў дакладзе.

«Стратэгічнай камунікацыяй» у дакументах ЕС называецца інфармацыйная палітыка.

Прыхільнікі Расіі ў Еўрапарламенце, а таксама расійскія палітыкі і дзяржаўныя СМІ рэзка асудзілі гэты дакумент, абвінаваціўшы яго аўтараў у вяртанні да рыторыкі часоў халоднай вайны, імкненні да цэнзуры і разгортванні ўласнай прапаганды, а таксама ў тым, што ў дакладзе пастаўленыя побач Расія і экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».

Аднак у дакладзе ўтрымліваюцца ў асноўным заклікі да органаў ЕС і ўладаў краін Еўрасаюза больш актыўна падтрымліваць — у тым ліку і фінансава — арганізацыі, якія займаюцца аналізам і выкрыццём дэзінфармацыі, а таксама незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў краінах на ўсход ад ЕС, у тым ліку і Расіі.

Падобныя рэзалюцыі Еўрапарламента не маюць сілы закона, а з'яўляюцца рэкамендацыямі выканаўчым органам ЕС.

У дакладзе згаданыя некаторыя расійскія СМІ і арганізацыі, якія, па меркаванні Еўрапарламента, з'яўляюцца інструментамі расійскай прапаганды.

«Улады Расіі агрэсіўна ўжываюць шырокі набор інструментаў, такіх як аналітычныя цэнтры і спецыяльныя фонды (напрыклад, «Рускі свет»), афіцыйныя арганізацыі (Рассупрацоўніцтва), тэлестанцыі, якія вяшчаюць на розных мовах (напрыклад, RT), псеўдаагенцтвы навін і мультымедыйныя службы (напрыклад, «Sputnik»), трансгранічныя сацыяльныя і рэлігійныя групы (паколькі рэжым адлюстроўвае сябе адзіным абаронцам традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў), сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-троляў — для таго, каб падвяргаць сумневу дэмакратычныя каштоўнасці, расколваць Еўропу, заручыцца падтрымкай грамадства ўнутры краіны і стварыць вобраз «дзяржаў, якія не адбыліся» у дачыненні да ўсходніх суседзяў ЕС», — гаворыцца ў дакладзе.

У той жа час у дакуменце, які складаецца з 59 пунктаў, не лічачы прэамбулы, толькі адна прапанова можна пры жаданні вытлумачыць як заклік да дзеянняў непасрэдна супраць СМІ і арганізацый. У гэтым пункце ЕС заклікае «адпаведныя органы ЕС пільна сачыць за крыніцамі фінансавання антыеўрапейскай прапаганды».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?