Алег Аблажэй |
Тое, што такога чалавека раз‑пораз кідаюць за краты, красамоўна сведчыць аб характары рэжыму, які пануе ў краіне. Гвалт замест дыскусіі — традыцыя любой дэспатыі.
А спрачацца ёсць аб чым. Нават калі ты з кімсь па той самы бок барыкады.
Справа ў тым, што праз усе тэксты, інтэрв’ю і выказванні Севярынца «чырвонай ніткай» праходзіць адна ідэя — выратаванне Беларусі ва ўсеагульным звароце да хрысціянскіх ідэалаў. Бяда ж у тым, што ўсякі ідэал — як лінія далягляду. Колькі ні йдзі, усё роўна не дасягнеш…
Хрысціянства — не больш і не менш як адна з вялікіх рэлігій. А няма і быць не можа ані рэлігіі, ані тэорыі, якая б змясціла ў сабе ўсё жыццё. Жыццё заўсёды будзе шырэйшым, і прыхільнікі любой сістэмы рана ці позна вымушаны станавіцца на шлях Пракруста. Толькі жыццё — не пракрустава ахвяра, яно само каго заўгодна «падкароціць».
Ёсць такі страйк — «італьянскі». Людзі прыходзяць на свае рабочыя месцы, але ў вытворчым працэсе прытрымліваюцца літаральна кожнага пункту інструкцыі і правілаў тэхнікі бяспекі. І праца спыняецца, бо нават самыя разумныя правілы не могуць прадугледзець усё.
Тое ж і з хрысціянскімі «інструкцыямі». Яны высакародныя, але жыццё пастаянна змушае да іх парушэння.
«Шануй бацьку і маці». Нядаўна ўся Літва здрыганулася ад нечуванага злачынства — маці сваімі рукамі задушыла дваіх уласных дзяцей. Як могуць такую маці любіць тыя дзеці, што засталіся жывымі? Як шанаваць бацьку дачцы таго аўстрыяка, якую ён сем гадоў трымаў у сутарэнні і гвалціў? «Не крадзі». А як не красці ў калгасе, калі ў цябе ўсё адабрана? Як без гэтага выжыць? «Не забівай». Ці пра гэта гавораць вайсковыя капеланы сваім жаўнерам перад бітвай? (Увогуле — ці не вяршыня абсурду, калі святар просіць Бога дапамагчы парушаць Ягоны асноўны запавет!) «Сем разоў па сем прабач». То мо не трэба шукаць забойцаў Ганчара і Захаранкі? Аб’явім — мы вам усё прабачылі, жывіце спакойна! І за ГУЛАГ, і за Курапаты прабачым? Не атрымліваецца? Але ў Святым Пісанні нідзе не сказана — у пэўных выпадках дазваляецца і забіваць, і красці, і помсціць. Там адназначнае НЕ.
Было ўжо ўсё, было. Спрэс хрысціянская Еўропа, дзе каралі і імператары гэтаксама баяліся алучэння ад царквы, як потым сакратары абкамаў — партбілет пакласці. Але ўсе войны — ад Стогадовай да Першай сусветнай былі паміж хрысціянамі.
І цяпер — у самай хрысціянскай краіне Еўропы судзяцца два шчырыя каталікі, два прэзідэнты, два смяротныя ворагі, два Лехі — Валэнса і Качыньскі. І генерала Ярузэльскага судзяць. І ніхто й не заікаецца аб прабачэнні.
Немагчыма рабіць штось канкрэтнае і застацца ідэальным. І «святы старац», выцягнуты з пячоры і пасаджаны ў крэсла прэзідэнта, быў бы не лепшым за іншых кіраўнікоў.
Усе мы ходзім па грэшнай зямлі. І калі позірк скіраваны толькі ўгару, так лёгка наступіць на граблі…