Суд у Астрахані (Расія) вынес прысуд чатыром супрацоўнікам мясцовай выбарчай камісіі, якія падраблялі подпісы на выбарах.
55-гадовая Валянціна Максімава, 35-гадовая Святлана Гольд, 30-гадовая Марыя Аляксандрава і 29-гадовая Алена Анісімава атрымалі ўмоўныя тэрміны за фальсіфікацыю выбарчых дакументаў. Усе яны — работніцы школы.
Валянціна Максімава.
Каб накруціць яўку, старшыня камісіі зрабіла 10 копій са спісу выбарцаў і сфарміравала «пашыраны» спіс. А пасля яе калегі фальсіфікавалі подпісы выбаршчыкаў, якія нібыта атрымлівалі бюлетэні.
Праўда, у калонію не патрапіць ніводная з парушальніц закона. Прысуды склалі ад паўтара да двух гадоў умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады.
На якіх менавіта выбарах яны падраблялі подпісы, не ўдакладняецца. Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе аб выбарах дэпутатаў гарадской думы Астрахані, якія прайшлі ў верасні 2015 года.