02.07.2008 / 09:52

У Манголіі армянскі сцэнар 2

Пратэсты апазыцыі перарасьлі ў пагромы. Прэзыдэнт краіны ўвёў надзвычайнае становішча.


Пратэсты апазыцыі перарасьлі ў пагромы. Прэзыдэнт краіны ўвёў надзвычайнае становішча. Спынена трансьляцыя ўсіх тэлеканалаў, апроч Нацыянальнага тэлебачаньня, якое з раніцы паказвае вынікі пагромаў і расказвае пра пацярпелых.

Прэзыдэнт Манголіі Намбарын Энхбаяр абвясьціў пра ўвядзеньне на чатыры дні надзвычайнага становішча.

Уначы ў сталіцу краіны Улан‑Батар былі ўведзеныя ўнутраныя войскі, затрымана каля 500 чалавек, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках. Загінулі чатыры чалавекі, вялікая колькасьць параненых.

Падчас хваляваньняў былі параненыя больш за сто паліцэйскіх, трыццаць зь іх знаходзіцца ў бальніцы. Пацярпелі некалькі прадстаўнікоў СМІ. Найбольш сур’ёзна пацярпеў журналіст зь Японіі, які цяпер у рэанімацыі.

На дадзены момант зачынены цэнтар Улан‑Батару, г.зв. «малое кола», у якім знаходзяцца ўрадавыя будынкі, галоўная плошча сталіцы, мэрыя, шэраг дзяржаўных устаноў. Дарогі перакрытыя паліцэйскімі аўтамабілямі.

У выніку масавых хваляваньняў 1 ліпеня быў моцна пашкоджаны будынак кіруючай цяпер у краіне Мангольскай народна‑рэвалюцыйнай партыі і штаб-кватэра прэзыдэнта, згарэла карцінная галерэя, быў разгромлены Цэнтральны дом культуры, зьнішчаны строі і інструмэнты унікальнага ансамблю народных інструмэнтаў.

Да шостай раніцы пажары былі патушаныя.

Нагадаем, што хваляваньні ў горадзе пачаліся пасьля заявы найбуйнейшай апазыцыйнай сілы – Дэмакратычнай партыі – пра фальсіфікацыю вынікаў парлямэнцкіх выбараў, што прайшлі ў мінулую нядзелю. На іх, паводле афіцыйных вынікаў, перамагла кіраўнічая Мангольская народна-рэвалюцыйная партыя, забраўшы мінімум 44 мандаты з 76. Дэмакратычная партыя атрымала 26 мандатаў. Апазыцыя не пагадзілася з вынікамі выбараў і ўголас абвясьціла пра іх фальсіфікацыю.

Па падобным сцэнары раней разгортваліся падзеі ў Арменіі, дзе таксама трымаецца рэжым, які карыстаецца падтрымкай Масквы.

* * *

Прэм’ер‑міністар краіны Санжыян Баяр зьвінаваціў ва ўсім лідэра дэмакратаў.

«Цахіагійн Элбэгорж зрабіў вельмі безадказную заяву, дэнансаваўшы вынікі выбараў, пры тым, што афіцыйныя вынікі яшчэ не абвешчаны».

Прадстаўнікі тамтэйшага Цэнтарвыбаркаму настойваюць на сваіх зьвестках і кажуць, што працавалі ў адпаведнасьці з ў заканадаўствам. Але прадстаўнікі партыі «Грамадзянскі рух» ўжо заклікалі да перападліку бюлетэняў на некаторых участках Улан‑Батару.

«Мангольскі народ прагаласаваў за дэмакратыю, а не МНРП, ‑‑ якія былыя камуністы», ‑‑ цытуе словы віцэ‑старшыні Руху О. Мангая Бі‑Бі‑Сі.

Манголія апошнім часам спрабуе мадэрнізаваць сваю эканоміку, заснаваную ў асноўным на качавой сельскай гаспадарцы. Па зьвестках ураду, сярэднедушавы даход у краіне складае у сярэднім 1,5 тыс. даляраў ЗША ў год.

Дзьве найбуйнейшыя палітычныя партыі Манголіі напярэдалдні выбараў выказвалі сваё бачаньне таго, як разьмеркаваць нядаўна знойдзеныя ў краіне велізарныя запасы карысных выкапняў: у тым ліку медзі, золата і вугалю, падкрэсьлівае Бі-Бі-Сі.

0
SS / Адказаць
04.07.2008 / 07:24
У нас в Беларуси после парламентских выборов представители АДС будут снова плакатся наблюдателем из ОБСЕ и в конце пойдут возложут цветы к резиденции на Карла Маркса в Минске. Задолбало уже это всё!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!
0
Самандык да SS / Адказаць
04.07.2008 / 23:36
а вам пагромаў хочацца?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру