27.11.2016 / 15:53

Выйшлі з друку дадатковыя наклады папулярных нумароў Arche

Гэтыя часопісы выклікалі высокую цікавасьць у свой час і даволі хутка разышліся. На просьбы чытачоў папулярныя нумары зноўку пабачылі свет.

ARCHE №7—8 2014. Заходняя Беларусь. Міжваенны перыяд (422 старонкі)

Нумар прысвечаны гісторыі Заходняе Беларусі ў міжваенны час (1921—1939 гг). У ім разглядаюцца палітычныя праекты, рэгіянальныя цэнтры нацыянальнага руху, прэса, дзейнасць навуковых устаноў, сацыяльныя канфліты, а таксама штодзённае жыццё насельнікаў вёсак і мястэчак.

Змест

Папяровая версія

Электронная версія

ARCHE №5 — 2014. Жыцьцё раззброенага чалавека (246 старонак)

У нумары ўпершыню ў перакладзе на беларускую мову друкуецца раман Сяргея Пясецкага. Асноўнае дзеянне адбываецца на тэрыторыі міжваеннае Заходняе Беларусі — у Вільні, Лідзе, Баранавічах, Маладэчне, Берасці, а таксама ў заходнебеларускіх вёсках і мястэчках. Раман расказвае пра небяспечныя й поўныя інтрыг, часам крымінальныя, а часам сэксуальныя прыгоды дэмабілізаванага добраахвотніка польскага войска Міхала Лубеня. Прыехаўшы з Менску ў Вільню, ён адчувае сябе кінутым на сваволю лёсу. Пасля доўгіх і няўдалых спробаў уладкавацца на працу Лубень выбірае працу натурніка ў падпольнай віленскай порнастудыі. Калі ж і гэтая праца перастае яго матэрыяльна задавальняць, ён становіцца ўдзельнікам крымінальнае банды, што займаецца вырабам і продажам фальшывых чэкаў амерыканскіх банкаў. Хоць напачатку гэтая дзейнасць прыносіць Міхалу Лубеню неверагодны даход, урэшце яна прыводзіць яго ў віленскую турму. Апісаньне побыту вязняў віленскае турмы, каларытныя вобразы заходнебеларускіх габрэяў і сялян, якія, як адмыслова падкрэслівае аўтар, гавораць сакавітай беларускай мовай — таксама адметны элемент гэтага твору.

Выданне аздобленае рэдкімі фатаздымкамі Вільні пачатку XX ст., а таксама ўзорамі тагачаснага эратычнага фотамастацтва.

Папяровая версія

Увага: гэта перавыданьне выпуску, у якім друкуецца толькі раман Пясецкага.

Электронная версія

ARCHE №4 — 2014. Архітэктурная спадчына: гісторыя разбурэнняў і рэканструкцый (572 старонкі)

Гэты нумар пра ахову й разбурэнне архітэктурных помнікаў, знішчэнне гістарычных забудоў беларускіх гарадоў, якое ўлады тлумачыць клопатам пра простых грамадзян.

Шэраг публікацыяў прысьвечаныя феномену святкаваньня «Дажынак» у аўтарытарнай Беларусі. Сканчаецца выпуск артыкуламі пра культурныя ландшафты беларускіх мястэчак і гарадоў, дзе ў старажытную пару былі пабудаваныя замкі — Гальшаны, Любча, Крэва, Віцебск, Гародня, Наваградак і Нясвіж.

Змест

Папяровая вэрсія

Электронная вэрсія

ARCHE № 1 — 2013. Паліцаі і партызаны (372 старонкі)

У нумары асвятляюцца нязручныя аспекты апошняе нямецкае акупацыі Беларусі — удзел мясцовых памагатых у нямецкім тэроры супраць габрэяў, няпростыя дачыненні мясцовага насельніцтва з партызанамі розных масцяў. Публікуюцца таксама матэрыялы, якія змушаюць па-новаму зірнуць на Хатынскую расправу 1943 года.

Змест

Папяровая версія

Электронная версія

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру