26.11.2016 / 00:23

Беларусь пазбаўленая яшчэ двух медалёў пекінскай Алімпіяды-2008 — цяпер золата і срэбра 12

Міжнародны алімпійскі камітэт абвясціў чарговы спіс атлетаў, якія падвергліся санкцыям пасля пераправеркі допінг-пробаў Алімпіядаў 2008 і 2012 гадоў. І зноў не абышлося без прозвішчаў беларускіх спартсменаў

На гэты раз Беларусь згубіла яшчэ два медалі пекінскай Алімпіяды-2008, якая лічылася самай паспяховай у суверэннай гісторыі краіны.

minutouno.com

Залатой узнагароды пазбаўленая алімпійская чэмпіёнка Пекіна-2008 у кіданні молата Аксана Мянькова, а сярэбраную ўзнагароду загадана вярнуць штурхальніцы ядра Наталлі Міхневіч.

Пераправеркі пекінскай допінг-пробы Аксаны Мяньковай з дапамогай найноўшых тэхналогій паказала наяўнасць у арганізме спартсменкі анабалічных стэроідаў дэгідрахлорметылтэстастэрону (турынаболу) і аксандралону.

Акрамя таго, станоўчы вынік прынесла і пераправерка допінг-пробы Аксаны Мяньковай з лонданскай Алімпіяды-2012, дзе яна заняла 7-е месца. Гэты вынік беларускі таксама быў ануляваны. У аналізах зноў выяўлены усё той жа дэгідрахлорметылтэстастэрон (турынабол) і станазалол.

Наталля Міхневіч трапілася на анаболіках метандыеноне і станазалоле, якія выяўленыя ў пекінскай спробе.

Ануляваныя вынікі яшчэ трох прадстаўнікоў Беларусі, якія фігуруюць у апублікаваным сёння спісе.

Штурхальнік ядра Павел Лыжын у Пекіне-2008 заняў 4-е месца. У яго спробе знойдзены дэгідрахлорметылтэстастерон (турынабол).

Святлана Усовіч заняла ў Пекіне-2008 23-е месца ў бегу на 800 метраў. У яе спробе таксама знойдзены дэгідрахлорметылтэстастэрон.

Станоўчая проба Святланы Усовіч перакрэслівае надзеі беларускай каманды атрымаць медаль Алімпіяды-2008 у эстафеце 4x400 м, дзе наша каманда (Ганна Козак, Ірына Хлюстава, Ілона Усовіч, Святлана Усовіч) з нацыянальным рэкордам (3 хвіліны 21,85 секунды) заняла тады 4-е месца. Справа ў тым, што срэбра ў той эстафеце пазбаўленыя расіянкі - з-за станоўчай допінг-пробы іх бягухі Анастасіі Капачынскай. Калі б пробы беларусак былі чыстыя, яны маглі б разлічваць на бронзу.

У апублікаваным жа сёння спісе ёсць беларуска Анастасія Мірончык-Іванова, якая заняла 7-е месца ў скачках у даўжыню на Гульнях-2012 у Лондане. У яе аналізах таксама знойдзены турынабол.

Нагадаем, што 26 кастрычніка МАК абвясціў пра пазбаўленне яшчэ дзвюх узнагарод двух беларускіх медалістаў Алімпіяды-2008 у Пекіне. Пераправеркі пробаў васьмігадовай даўнасці выявіла забароненыя рэчывы ў тэстах сярэбранага прызёра Гульняў-2008 Андрэя Рыбакова і бронзавай медалісткі Анастасіі Новікавай, для якой гэта ўжо трэці допінгавы пракол у кар'еры.

Раней бронзы Пекіна-2008 быў пазбаўлены штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч.

Пасля чарговай порцыі допінг-праколаў колькасць беларускіх медалёў Алімпіяды-2008 усохла да 14 узнагарод — 3 залатыя, 4 сярэбраныя, 7 бронзавых.

Пасля фінішу Гульняў-2008 у беларусаў было 19 узнагарод - 4 залатыя, 5 сярэбраных, 10 бронзавых.

Цяперашняй восенню МАК таксама пазбавіў Беларусь 2 медалёў лонданскай Алімпіяды-2012 - бронзавыя ўзнагароды загадана вярнуць Марыне Шкерманковай і Ірыне Кулешы.

1
Рост / Адказаць
26.11.2016 / 02:48
Да, у вас там не олимпийская сборная, а аптекарский магазин какой-то...
1
Hard Workin' Man / Адказаць
26.11.2016 / 05:17
Позорище! Почему читерят они, а стыдно мне?
1
РРР / Адказаць
26.11.2016 / 10:21
Галоўнае, што менавіта турынабол знойдзены ў шматлікіх пробах, знойдзеных у расійскіх спартоўцаў-удзельнікаў Алімпіяды-2008. Вось і ўся размова пра "сувэрэнны спорт". Усё махлярства рабілася зь ініцыятывы аднаго цэнтру!
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру