«Міністэрства дзяржбяспекі» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі абвясціла пра выдварэнне з падкантрольнай ёй тэрыторыі на ўсходзе Украіны двух журналістаў тэлеканала «Дождь», што раней перасталі выходзіць на сувязь.
«На тэрыторыі рэспублікі была выяўлена дзейнасць супрацоўнікаў тэлеканала «Дождь», якія падалі ў міністэрства інфармацыі заведама ілжывыя асабістыя звесткі з мэтай атрымання акрэдытацыі», - цытуе Бі-бі-сі паведамленне на сайце ведамства.
Ведамства заяўляе, што журналістаў тэлеканала запрасілі ў будынак МДБ для дачы тлумачэнняў «па факце незаконнай журналісцкай дзейнасці і дэманстрацыі знятых відэаматэрыялаў».
«Пры праглядзе відэазапісаў супрацоўнікамі міністэрства ўстаноўлена, што яны носяць неаб'ектыўны і правакацыйны характар. У ілжывым святле адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічную і палітычную сітуацыю ў рэспубліцы», - сцвярджаецца ў паведамленні.
Пра страту сувязі з двума сваімі журналістамі, якія з'ехалі ў камандзіроўку ў Данецк, тэлеканал «Дождь» паведаміў вечарам 25 лістапада. Канал адзначаў, што Сяргей Ержанкоў і Васіль Палонскі атрымалі акрэдытацыю ў Службе бяспекі Украіны і ў міністэрстве інфармацыі ДНР.
Як адзначае «Дождь», напярэдадні Ержанкоў і Палонскі запісвалі ў Данецку інтэрв'ю з былым сакратаром савета бяспекі ДНР Аляксандрам Хадакоўскі.