У Швейцарыі ў нядзелю праходзіць рэферэндум аб абмежаванні тэрміну эксплуатацыі атамных электрастанцый 45 гадамі, піша ВВС. 

Атамная электрастанцыя «Гесген» у кантоне Золатурн, запушчаная ў 1979 годзе. Фота AFP

Калі большасць швейцарцаў падтрымаюць прапанову партыі «зялёных», то Швейцарыя цалкам адмовіцца ад атамнай энергетыкі ўжо з 2029 года.

Тры старэйшыя з пяці АЭС, якія цяпер працуюць, будуць у гэтым выпадку закрытыя ўжо ў наступным годзе, яшчэ адна ў 2024 годзе і апошняя — у 2029 годзе.

Цяпер на гэтыя пяць станцый сукупна прыпадае каля 40 працэнтаў вырабленай у краіне электраэнергіі.

Апытанні грамадскай думкі паказваюць невялікую перавагу тых, хто ўхваляе ініцыятыву «зялёных».

Праціўнікі гэтай ідэі паказваюць, што Швейцарыя не зможа так хутка перайсці на аднаўляльныя крыніцы электраэнергіі і ёй прыйдзецца імпартаваць электрычнасць з суседніх краін.

«Калі казаць канкрэтна, то гэта азначае, што ў 2017 годзе мы страцім траціну той электраэнергіі, якую нам даюць АЭС. А гэта столькі, колькі ў сярэднім штогод спажывае электрычнасці палова хатніх гаспадарак Швейцарыі», — заяўляе адзін з крытыкаў прапановы, сябра Федэральнай рады Швейцарыі Дзідзье Буркхальтар.

Раней урад краіны прыняў план развіцця энергетыкі да 2050 года, у рамках якога вырашана не будаваць больш новыя АЭС, а паступова пераходзіць на энергію ветру, сонца і біяпаліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?