20 гадоў таму, 27 лістапада 1996 года, з пад'язных шляхоў чыгуначнай станцыі Яцукі ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці быў адпраўлены ў Расію апошні эшалон з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Таполя». Пасля гэтага Беларусь стала бяз'ядзернай дзяржавай.

Ва ўрачыстай цырымоніі ў Яцуках удзельнічалі прадстаўнікі ўладных структур Беларусі і Расіі, высокапастаўленыя вайскоўцы дзвюх краін. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не прыехаў. Пазней ён неаднаразова заяўляў пра тое, што шкадуе аб вывадзе міжкантынентальных балістычных ракет.

У прыватнасці, на прэс-канферэнцыі расійскім рэгіянальным СМІ ў Мінску 17 кастрычніка 2014 года вывад з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі Лукашэнка назваў самай сур'ёзнай памылкай свайго прэзідэнцтва.

«Я шкадую пра гэта, — калі мы вывелі ядзерную зброю з Беларусі», — заявіў тады кіраўнік дзяржавы. «І мы гэта зрабілі абсалютна бясплатна, — падкрэсліў Лукашэнка. — Я павінен быў выконваць дамоўленасці, прынятыя да мяне. Гэта абавязкова».

Пры гэтым ён лічыць, што мог бы іх і не прытрымлівацца: «У той блытаніне, у тым, што тады было, ніхто б на мяне празмерна не націснуў. Калі б не Ельцын (прэзідэнт Расіі), можа быць, я б так і паступіў. Але яго камарылля, яна яго пастаянна падштурхоўвала».

Лукашэнка нагадаў, што для краіны тады былі цяжкія часы: «Няма ні газу, ні нафты, голая краіна. Нічога няма». Ён распавёў, што яго пераконваў вывесці зброю і прэзідэнт Украіны Леанід Кучма: «Кучма сказаў, ну што ты, Саша, чапляешся за гэтую зброю. Мы яе абслужыць не зможам».

«Цяпер з вышыні пражытага я бачу: усё б мы абслужылі, усё б было нармальна, — заявіў Лукашэнка. — І намі б ніхто не камандаваў і не патураў, як цяпер».

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, краіна ўпершыню заявіла пра свой намер зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай ў 1990 годзе ў дэкларацыі «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Падпісаўшы ў 1992 годзе Лісабонскі пратакол, яна аформіла членства ў Дагаворы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). Гэты крок быў непарыўна звязаны з прыняццем найважнейшага палітычнага рашэння аб далучэнні Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй.

У ліпені 1993 года Беларусь афіцыйна далучылася да ДНЯЗ, стаўшы першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодання ядзернай зброяй, якая засталася пасля распаду СССР.

У МЗС падкрэсліваюць, што Беларусь адмовілася ад валодання самым сучасным ваенным ядзерным патэнцыялам без усялякіх папярэдніх умоў і агаворак. Тым самым краіна фактычна паклала пачатак працэсу ўрэгулявання пытанняў ядзернага раззбраення на постсавецкай прасторы ў інтарэсах міжнароднага міру і бяспекі.

Вітаючы факт далучэння Беларусі да ДНЯЗ у якасці няядзернай дзяржавы, Вялікабрытанія, Расія і ЗША выдалі Беларусі гарантыі бяспекі, зафіксаваўшы свае абавязацельствы ў Будапешцкім мемарандуме 5 снежня 1994 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?