Грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» прапануе Міністэрству адукацыі стварыць гімназіі з беларускай мовай навучання ў кожным раёне Беларусі. Адозва на імя міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова была прынятая 27 лістапада на пасяджэнні рады ТБМ.

«На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік нашай краіны заявіў пра неабходнасць паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай у сферы адукацыі, — гаворыцца ў звароце. — У сувязі з гэтым прапануем вам прыняць рашэнне аб стварэнні гімназій з беларускай мовай навучання ў кожным раёне нашай краіны. Гэта здыме пытанне аб навучанні дзяцей на беларускай мове ў сувязі з закрыццём малакамплектных школ у вёсках, а таксама падвысіць узровень адукацыі вучняў».

Як лічаць у ТБМ, пачаць стварэнне сеткі беларускіх гімназій можна з цэнтральных раёнаў Мінскай вобласці, да прыкладу, Стаўбцоўскага, які звязаны з жыццём і дзейнасцю класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, і Нясвіжскага, «дзе на высокім міжнародным узроўні папулярызуецца наша слаўная гісторыка-культурная спадчына».

Нагадаем, 7 кастрычніка, выступаючы са зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Беларусі варта забыцца пра паняцце «вораг» ці «свой», не адмаўляцца ад рускай культуры, але і памятаць пра тое, што мы беларусы і ў нас ёсць свая мова».

«Некаторыя дамарослыя знаўцы на ўсходзе пачынаюць нас папракаць у залішняй беларускасці. Што за глупства? Мы нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае, акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці, — гэта мова. Чаму мы павінны адмовіцца ад беларускай мовы?» — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?