Прэм'ер Кіркілас у Пэнтагоне мусіў артыкуляваць, што Летува можа разьмясьціць, калі што, амэрыканскія супрацьракеты. Шэф Пэнтагону Гэйтс, у сваю чаргу, назваў гэта добрай альтэрнатывай Польшчы. Для Беларусі ж ракеты ў Летуве — зусім ня добрая альтэрнатыва.

Я маю на ўвазе інтарэсы беларускага грамадзтва. Што ж да начальства, то яно можа акурат абрадавацца такой магчымасьці выгадна прадаць Маскве стратэгічны пляцдарм.

Чаму летувіскі варыянт для нас горшы? Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін патлумачыў мне так: "Гэта на паўтысячы кілямэтраў бліжэй да расейскіх стратэгічных базаў. Таму Масква адрэагуе болей нэрвова. Можа пачацца жорсткая контаргульня. У прыватнасьці, паскорацца пляны паставак у Беларусь комплексаў "Іскандэр".

Гатовасьць жа Вільні пайсьці насустрач Пэнтагону тлумачыцца некалькімі чыньнікамі. Па-першае, пад гэту марку можна танна мадэрнізаваць сваё войска (хай Вашынгтон раскашэліцца). Па-другое, між Вільняй ды Варшавай існуе канкурэнцыя як за статус лепшага хаўрусьніка ЗША, так і за рэгіянальнае лідэрства.

Урэшце, летувісы маюць поўнае права самастойна вырашаць, зь кім і як хаўрусаваць. Вокрыкі з Масквы — гэта адрыжка імпэрскага мысьленьня. Іншая рэч, што Беларусь можа быць уцягнутая ў небясьпечныя гульні. Мала нам паўзучай эканамічнай экспансіі з усходу! Чым шчыльнейшы вайскова-палітычны альянс з Расеяй, тым мацнейшая пагроза незалежнасьці.

ЗЫ. Іншая рэч, што варыянт зь Летувой ня ёсьць фатальна непазьбежным. Чуе сэрца, што палякі трохі паменшаць свае апэтыты (цяпер хочуць вытрасьці са Штатаў пад гэтай маркай 20 мільярдаў даляраў:), і гешэфт адбудзецца. Для Беларусі так было б спакайней.

ЗЫЫ. Ну, што я казаў? 3 ліпеня польская тэлевізія паведаміла: Варшава з Вашынгтонам дамовіліся :)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?