Тэматычны парк у Японіі закрыў коўзанку з умерзлай у лёд рыбай, атрымаўшы скаргі на непавагу да жывёл. Кіраўніцтва парка паабяцала правесці жалобную цырымонію па мёртвых рыбах, якіх у лёдзе аказалася больш за 5 тысяч. Пра гэта піша ВВС. 

Парк спачатку апублікаваў фатаграфіі коўзанкі ў сваім фэйсбуку, але затым выдаліў іх

Парк Space World у Кітакюсю ў сваёй заяве папрасіў прабачэння за коўзанку, у якой дзеля ўпрыгажэння была замарожаная рыба. «Мы атрымалі шмат папрокаў — такіх як «выкарыстоўваць жывёл для забавы дрэнна» і «бедныя рыбы», — гаворыцца ў дакуменце.

Генеральны менеджар парку Ташымі Такеда паведаміў агенцтву Франс прэс, што парк правядзе мемарыяльную цырымонію па мёртвых жывёлах.

Прадстаўнік Space World распавёў, што коўзанка закрытая з нядзелі, і рыб плануецца дастаць з лёду. «Мы плануем прывесці коўзанку ў нармальны стан», — сказаў ён, дадаўшы, што коўзанка зноў запрацуе ў снежні, але не ўдакладніў, калі менавіта.

Коўзанка з замарожанымі рыбамі адкрылася ў парку раней у лістападзе. Мяркуючы па фатаграфіях са старонкі парку ў фэйсбуку, частка рыб умерзла ў лёд напалову, іншыя змерзлі пад лёдам касяком у выглядзе стралы, некаторыя — у форме спіралі.

Хоць кіраўніцтва парка і тлумачыла, што набыло на аптовым рынку мёртвую і непрыдатную да ўжывання рыбу, атракцыён раскрытыкавалі ў інтэрнэце. На старонцы парку ў фэйсбуку карыстальнікі завалілі Space World негатыўнымі водгукамі.

«Пра што вы, людзі, думалі, выкарыстаўшы мёртвую рыбу як упрыгажэнне для гульнявой пляцоўкі?» — задаўся пытаннем адзін з незадаволеных. Іншы каментатар назваў коўзанку «ганьбай Японіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?