Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на афіцыйных перагаворах з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце сам-насам.

Лукашэнка прызнаўся, што, прыязджаючы ў Баку, заўсёды здзіўляецца таму, як у горадзе сучасныя збудаванні ўдачна гарманіруюць з гістарычнымі будынкамі. Ён таксама павіншаваў Ільхама Аліева з пераканаўчай падтрымкай грамадзянамі Азербайджана прапанаваных канстытуцыйных змяненняў, звязаных з павелічэннем прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў.

«Засталося самае малое — рухацца такім жа чынам, як гэта было дасюль, дзякаваць свайму народу вось такімі поспехамі ў развіцці народнай гаспадаркі Азербайджана. Зразумела, вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем па ўсіх кірунках і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Мы нікому не шкодзім нашым супрацоўніцтвам, мы адкрытыя і далей будзем адкрытыя, публічныя пры абмеркаванні самых злабадзённых пытанняў нашай рэчаіснасці», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Нашы сустрэчы маюць рэгулярны характар. Гэта сведчыць аб тым, што адносіны паміж нашымі дзяржавамі самыя блізкія і дружалюбныя, — сказаў у адказ Ільхам Аліеў. — Мы настроены на актыўны працяг супрацоўніцтва з Беларуссю па ўсіх кірунках. Сёння двухбаковы фармат ахоплівае практычна ўсе сферы нашага жыцця, і ідзе нарошчванне супрацоўніцтва ў традыцыйных сферах. Мы таксама вызначаем новыя кірункі».

Прэзідэнт Азербайджана падкрэсліў, што за апошнія гады краіны вырашылі вельмі шмат пытанняў у двухбаковым супрацоўніцтве. «Мы сябры, партнёры. Заўсёды адно аднаго падтрымлівалі і падтрымліваем ва ўсіх пытаннях, — звярнуў увагу ён. — Упэўнены, што сённяшні візіт дасць новы штуршок развіццю нашага супрацоўніцтва».

Мерапрыемства праходзіць у рэзідэнцыі прэзідэнта Азербайджана «Загульба». Перамовам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы Ільхамам Аліевым кіраўніка беларускай дзяржавы. Пасля выканання гімнаў абедзвюх краін і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты селі за стол перагавораў, якія спачатку праходзяць у фармаце сам-насам, а затым адбудуцца ў пашыраным складзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?