Выбары новага кіраўніцтва грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) адбудуцца на чарговым з'ездзе, які прызначаны на кастрычнік 2017 года. Такое рашэнне 27 лістапада ў Мінску прынялі члены рады ТБМ, паведаміў старшыня аб'яднання Алег Трусаў.

«Наступны з'езд ўчора мы прызначылі на кастрычнік наступнага года. На тым з'ездзе я складу свае паўнамоцтвы, і нам трэба будзе выбраць новую каманду», — сказаў ён.

Старшыня ТБМ заявіў, што мае намер канчаткова сысці з пасады кіраўніка аб`яднання і не будзе пераабірацца. «Нічога дзіўнага ў гэтым няма, я пра гэта казаў яшчэ два гады таму. Я вырашыў пайсці, таму што ўзначальваю аб'яднанне ўжо занадта шмат гадоў — з 1999 года. Як кажуць, трэба не толькі своечасова прыйсці, але яшчэ важней своечасова сысці, гэта закон гісторыі. Тыя кіраўнікі, якія парушаюць гэты закон, звычайна сыходзяць з пасады або наперад нагамі, або з ганьбай. Таму лепш загадзя сысці нармальна», — падкрэсліў Трусаў.

Ён таксама дадаў, што не будзе самастойна вылучаць кандыдатуры на пасаду старшыні аб`яднання і нароўні з усімі «падтрымае тую кандыдатуру, якая больш спадабаецца». Паводле яго слоў, у яго ёсць некалькі фаварытаў, але ён прынцыпова не хоча выказваць свае меркаванні, каб «не паўплываць на грамадскую думку членаў аб'яднання».

Трусаў адзначыў, што на наступным пасяджэнні рады, якое адбудзецца ў канцы студзеня 2017 года, кіруючы орган аб`яднання павінен прадставіць спіс прапаноў па кандыдатах на пасады старшыні, яго намеснікаў і членаў рады. «Да з'езда мы будзем абмяркоўваць гэтыя кандыдатуры публічна — у газеце і інтэрнэце, а ўжо на самім з'ездзе прымем канчатковае рашэнне. Усё па-еўрапейску», — растлумачыў кіраўнік ТБМ. Ён падкрэсліў, што гэты спіс будзе ўтрымліваць толькі прапановы цяперашніх членаў рады, шараговыя сябры аб`яднання пасля змогуць пашырыць кола кандыдатаў.

«Разам са мной сыходзіць цэлае пакаленне, — сказаў Трусаў. — Сёння ў нашай радзе — заслужаныя людзі, якім па 80, а некаторым пад 90 гадоў. Таму трэба, каб у кіраўніцтва прыйшлі людзі, якія маладзейшыя за нас мінімум гадоў на 20—30. Я бачу ў радзе тых, каму сёння 35—50 гадоў».

«Наступны кіраўнік павінен будзе як мінімум захаваць тое, што ў нас сёння ёсць. А максімум будзе залежаць ад таго, якую ён збярэ каманду, як гэтая каманда будзе працаваць, якімі будуць адносіны з уладай, з грамадствам і гэтак далей. Тут ужо ўсё залежыць ад асобы кіраўніка», — сказаў кіраўнік» Таварыства беларускай мовы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?