29.11.2016 / 18:47

У Белавежскай пушчы стартавала паўторнае забалочванне балота Дзікі Нікор 8

У нацыянальным парку «Белавежская пушча» стартаваў маштабны праект па паўторным забалочванні асушанага балота Дзікі Нікор, паведаміла прэс-служба грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Паводле інфармацыі АПБ, балота Дзікі Нікор у цэнтральнай частцы Белавежскай пушчы ў 60-я гады мінулага стагоддзя было асушана. Сёння, праз 50 гадоў, экасістэму адновяць у рамках прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, які рэалізуе нацыянальны парк, АПБ і нямецкі партнёр — Франкфурцкае заалагічнае таварыства (ФЗТ).

Агульная плошча асушанага балота — больш за 7 тыс. га. Для паўторнага забалочвання выбраны ўчастак плошчай 1,163 га ў Пружанскім раёне (гэту тэрыторыю ў 2004 годзе далучылі да Нацпарка).

«Першапачаткова 30% усёй тэрыторыі Белавежскай пушчы займалі балоты. Але палова з іх — 20 тыс. гектараў — была меліяраваная і асушаная ў 50—60-я гады, з-за чаго цяпер мы адзначаем дэградацыю экасістэм. Гідралогія парушаная сур'ёзна, — пракаментаваў сітуацыю гендырэктар нацпарка «Белавежская пушча» Аляксандр Буры. — Каб спыніць гэтыя працэсы, мы будзем паслядоўна працаваць над паўторным забалочваннем і аднаўленнем іншых экасістэм».

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі, які таксама пабываў на Дзікім Нікоры, адзначыў важнасць узняцця пытанняў аб аднаўленні гідралагічнага рэжыму на самым высокім узроўні.

«У снежні 2015 года пастановай Саўміна была прынятая стратэгія захавання і рацыянальнага выкарыстання тарфянікаў — дакумент, які дапаможа нам працаваць у гэтым кірунку. Таксама вопыт Дзікага Нікора важна распаўсюдзіць і на іншыя тэрыторыі», — сказаў ён.

Паводле слоў экспертаў, тэрыторыя Дзікага Нікора выбрана невыпадкова — асушанае балота знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Белавежскай пушчы і аказвае ўплыў на вялікія плошчы. Аднаўленне гэтага аб'екта будзе мець важнае значэнне і ў трансгранічным кантэксце — паўторнае забалочванне станоўча адаб'ецца і на лясах польскай часткі Белавежскай пушчы.

Таксама за кошт скарачэння выкідаў парніковых газаў гэтая тэрыторыя дапаможа супрацьстаяць глабальнаму пацяпленню.

Зараз у рамках праекта выдзелена тры асноўныя напрамкі работ па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, паведаміў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. Першы — асушаныя балоты (такія, як Дзікі Нікор), другі — натуральныя балоты, парушаныя меліярацыяй вакол (балота Дзікае) і трэці — вадацёкі ўнутры лесу, так званая лясная меліярацыя.

Спецыялісты адзначаюць, што паўторнае забалочванне — доўгі і складаны працэс. Каб экасістэма аднавілася цалкам, трэба 30—35 гадоў.

0
Алесь / Адказаць
29.11.2016 / 18:57
Добрая справа
0
Нівавец / Адказаць
29.11.2016 / 20:11
Так трымаць!
0
Litvin z' Vialikaye Litvy / Адказаць
29.11.2016 / 20:20
Супер. Экалягічнае злачынства Саветаў не павінна быць забытае.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру