Урад разлічвае, што іпатэка ў Беларусі запрацуе да канца 2020 года, заявіў на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу 30 лістапада ў Мінску віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.

Такія планы закладзеныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, аднак, паводле яго слоў, для функцыянавання сістэмы іпатэкі неабходна, каб гадавы ўзровень інфляцыі складаў 5—7%, працэнтныя стаўкі па крэдытах не перавышалі 15%, а памер штогадовых плацяжоў па іпатэцы не перавышаў 35% гадавога даходу сям'і. «Да канца пяцігодкі такія ўмовы будуць створаныя», — запэўніў віцэ-прэм'ер.

Калінін таксама паведаміў, што праект канцэпцыі па развіцці сістэмы будаўнічых зберажэнняў знаходзіцца на завяршальнай стадыі.

Чыноўнік нагадаў, што перад урадам стаіць задача на працягу трох гадоў забяспечыць жыллём шматдзетныя сем'і, якія маюць у ім патрэбу, нягледзячы на недахоп сродкаў. «Цяпер адшукваем сродкі», — сказаў ён.

Пры гэтым Калінін параіў забудоўшчыкам не скардзіцца на зніжэнне попыту на жыллё, а будаваць даступныя па цане кватэры. Паводле яго слоў, сёння ў Мінску «застаюцца непрададзенымі больш за пяць тысяч новых кватэр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?