Мікалай Петрамовіч працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна, адказваў за ідэалогію. А яшчэ быў дэпутатам Мінгарсавета, прычым не абы-якім — партыйным, ад праўладных камуністаў.

Але прыкладна з месяц таму Петрамовіч знік адусюль. На сайце адміністрацыі Партызанскага раёна інфармацыю пра яго ўжо прыбралі.

Кажуць, што чыноўнік-дэпутат набраў грошай і збег з краіны.

«Мы яго шукаем, бо ён вінен нам грошы. Суму агучваць не хачу. Дзе ён — невядома, нават яго жонка яго не ведае. Ён не ў Беларусі, думаю», — кажа Таццяна Якушава з Віцебска.

Жанчына шукае Петрамовіча праз сацыяльныя сеткі. Але ж ані яна, ані яе муж пра падрабязнасці сваіх зносін з камуністам-дэпутатам гаварыць не хочуць.

«Я толькі скажу, што на яго ўжо напісалі заяву ў Мінску — і пацярпелых там не адзін і не два чалавекі. Ён таксама ім вінен грошы», — паведаміў Васіль, муж Таццяны.

У адміністрацыі Партызанскага раёна паведамілі, што з 24 кастрычніка Петрамовіч у іх больш не працуе. Чаму раптам ён пакінуў пасаду, тлумачыць адмовіліся.

«Гэта інфармацыя не для прэсы», — паведамілі ў адміністрацыі раёна.

У Камуністычнай партыі Беларусі, ад якой балатаваўся Петрамовіч, сцвярджаюць, што не ведаюць, што з сябрам партыі. Запэўніваюць, не маюць аніякіх кантактаў свайго аднапартыйца.

Міліцыя ўжо зацікавілася гэтай гісторыяй. У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што ў дачыненні да Петрамовіча праводзіцца праверка.

Мікалай Петрамовіч нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС Беларусі, у Маскоўскім новым юрыдычным інстытуце. Скончыў Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання.

Раней Петрамовіч працаваў начальнікам упраўлення кадраў на мінскім «Інтэграле», узначальваў там арганізацыю БРСМ.

Калі балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты, указваў у дэкларацыі сярэдні заробак за 2013 год. Як менеджар «Інтэграла» ён атрымліваў штомесяц амаль $1300.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?