У Беларусі ў калядныя і навагоднія святы запланавана правесці 1.040 кірмашоў, з іх 55 — у Мінску. Пра гэта 1 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч.

Паводле яе слоў, пройдзе 17.180 мерапрыемстваў, «накіраваных на стымуляванне попыту (выставы-продажы, акцыі па зніжэнні цаны тавару, рэкламныя акцыі з дэгустацыяй і падарункамі)». У 2015 годзе, для параўнання, было праведзена 12.366 такіх мерапрыемстваў. «Як вы бачыце, актыўнасць гандлю ў пераднавагодні перыяд з году ў год расце», — адзначыла Наркевіч.

Згодна з падлікамі міністэрства, з 20 па 31 снежня ў краіне будуць працаваць каля 1.080 елачных кірмашоў, у Мінску — звыш 200. У продажы будуць натуральныя елкі і хвоі вышынёй ад 1 да 3 метраў, а таксама навагоднія елкі ў кадках, навагоднія букеты. Наркевіч назвала і дыяпазон цэн: вышынёй да 1 метра — 7-15 рублёў, ад 1 да 2 метраў — 9-20 рублёў, ад 2 да 3 метраў — 10-23 рублі, у кадках — 20-100 рублёў.

Паводле яе інфармацыі, кандытарскімі прадпрыемствамі, якія ўваходзяць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам», запланавана вырабіць і паставіць у гандаль каля 2 млн штук навагодніх падарункаў. Яны будуць расфасаваныя ва ўпакоўку ад 300 г да 3 кг і будуць каштаваць ад 4 да 45 рублёў.

«Не застануцца пакупнікі і без шампанскага і пеністых він беларускай і імпартнай вытворчасці», — сказала Наркевіч. Ужо ў лістападзе прададзена трэць ад запланаванага аб'ёму продажу — 97 тыс. дал пры плане ў 310 тыс. Кошт такіх він айчынных вытворцаў вар'іруецца ад 4,99 да 12,09 рублёў, імпартных — ад 11 да 26 рублёў.

«У продажы таксама прадстаўлены шырокі выбар ёлачных упрыгажэнняў і штучных ёлак, сувеніраў, карнавальных касцюмаў. Усё гэта дазволіць у поўным аб'ёме задаволіць попыт насельніцтва ў пераднавагоднія і навагоднія дні», — сказала Наркевіч.

Як адзначыў начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку — гандлёвай інспекцыі МАРГ Валяр'ян Бяспалы, у пераднавагоднія дні праводзіцца маніторынг працы аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Усяго, паводле яго слоў, за 11 месяцаў гэтага года праверана 3 тыс. аб'ектаў. «Напярэдадні Новага года і Калядаў мы ў асноўным будзем праводзіць кантрольныя мерапрыемствы ў форме маніторынгу. Але гэта не значыць, што суб'екты гаспадарання павінны расслабіцца, заканадаўства павінна выконвацца. Пры маніторынгу, калі мы будзем выяўляць грубыя парушэнні, будзем вымушаныя прыняць меры аж да прыпынення дзейнасці. Але гэта будзе крайняй мерай, я думаю, што суб'екты да гэтага даводзіць не будуць», — сказаў ён.

Чыноўнік заклікаў спажыўцоў паведамляць пра заўважаныя парушэнні на тэлефон даверу міністэрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?