Фота з фэйсбука Сяргея Каваленкі.

Фота з фэйсбука Сяргея Каваленкі.

Былы палітвязень Сяргей Каваленка прыпыніў вучобу на праграме Каліноўскага. Цяпер ён працуе на будоўлях у Варшаве.

У 2013 год актывіст паступіў вучыцца ва ўніверсітэт прыродазнаўчых і гуманітарных навук у польскім Седльцэ. Навучаўся па спецыяльнасці «кіраванне эканомікай».

«Цяпер я ў Варшаве, працую будаўніком, — распавёў газеце «Народная воля» Сяргей. — Трэба было нейкім чынам сям'ю матэрыяльна падтрымаць, таму я і вырашыў узяць «акадэмку».

Я і раней займаўся прадпрымальніцтвам, рабіў рамонты (праводзіў электрыку, укладваў плітку), вось і вырашыў, што вучоба вучобай, але ж неабходна і дваіх дзяцей на ногі падымаць. У Беларусі рамантаваў прыватныя кватэры, але з-за крызісу тут цэны на рамонтныя паслугі вельмі знізіліся — практычна ў два разы. Вымушаны быў з'ехаць на заробкі ў Польшчу.

У Варшаве цяпер займаюся электрыкай у новабудоўлях. Фірма аплачвае работу, а знайшоў яе з дапамогай украінскіх гастарбайтараў, якіх тут даволі шмат. Аплата здзельная. Увогуле тут да беларусаў вельмі добрае стаўленне. Як толькі даведваюцца, адкуль ты, адразу прапаноўваюць работу. А ўкраінцы прыязджаюць і з Данбаса, і з Заходняй Украіны».

Жыве Каваленка ў хостэле. «Шыкаваць не даводзіцца, калі прыехаў капейку зарабіць. Але жыллё не вельмі дарагое, за месяц трэба плаціць прыкладна 100—115 даляраў», — кажа ён.

Акадэмічны адпачынак ён узяў на год.

Сяргей Каваленка праславіўся тым, што ў студзені 2010 года ў Віцебску залез на 35-метровую галоўную ёлку і ўзняў над ёй бел-чырвона-белы сцяг. За той учынак яму далі тры гады ўмоўна. У 2012 годзе Каваленка атрымаў два гады і адзін месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбывання пакарання. Каваленка вытрымаў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў. 

«Я і да гэтага часу ганаруся тым учынкам, калі ўзняў наш нацыянальна-гістарычны сцяг вышэй за камуністычную зорку. Хацеў паказаць беларусам, што нам патрэбна незалежная сімволіка, а не савецкая, што мы нацыя», — кажа Каваленка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0